Читать «Тры жыцці княгіні Рагнеды» онлайн - страница 31

Кастусь Тарасаў

Яны ведалі, што Ўладзіміру абыдзецца; яны прыйшлі нагадаць ёй пра яе асуджанасць; яна не паслухалася; гэта яе віна, яе паражэнне, і цяпер трэба дажываць свае дні з гонарам. Тое, што залежала ад яе, яна здзейсніла, наперад сумленне не будзе прыпальваць яе за боязь, хістанні, нерашучасць, пакорлівасць. Так, шкада, яна не здолела забіць яго, бо за яго ягоныя багі, ды кінжальным ударам яна разбіла хлусню, і кроў Уладзіміра зняла з яе ганьбу сямігадовай пакоры. Князь ведае, што літасці яна не папросіць, і таму як ён пажадае, так і спраўдзіцца. Чаго ж хвалявацца пра тое, што ад нас не залежыць?

На трэці дзень апоўдні прыбыў у двор блізкі Ўладзіміраў баярын па прозвішчу Бедавей. Сур'ёзнасць яго позірку, значнасць маўчання падказалі Рагнедзе, што ён прывёз княжае рашэнне, вельмі нядобрае. Абразай была ўжо прысылка да яе менавіта Бедавея - аднаго з ноўгарадцаў, якія былі ў княжай хаце на полацкім дзядзінцы, калі гвалціў яе Ўладзімір і рэзалі князя Рагвалода і яго сям'ю; можа, сам Бедавей і біў нажом у сэрца яе братоў і маці. Для яго ўсё проста; ужо самое яго прозвішча - рысак - паказальна; сапраўдны конь гэты Бедавей, добра слухае княжую пугу. І морда ў яго сціснутая з бакоў і падоўжаная ўніз, як у каня, і валасы вісяць падобна конскай грыве, і ў вачах заўсёдная гатоўнасць убрыкнуць капытом.

- Што, Бедавей, - прыспешыла яго Рагнеда. - Адразу кажы, не ў госці ж прыехаў.

- Можна і адразу, - згадзіўся баярын. - Даецца Ізяславу горад, і будзеш ты там жыць разам з сынам. Астатнія дзеці застануцца пры бацьку. Заўтра ад'едзеце.

- Куды? - запытала Рагнеда.

- Далёка, княгіня, - усміхнуўся Бедавей. - На дрыгавіцкія межы, ёсць там горад Няміга на Свіслачы, а лепш не скажу - сам там не быў. Прыедзем - пабачым.

- Адкажы, Бедавей, - нахілілася да яго Рагнеда. - Уладзімір сам вырашыў ці Дабрыня парадзіў?

- Усе баяры рашалі, - сказаў Бедавей шчыра. - Ды і што табе - хто? - дадаў ён. - Магло і горш быць. Многім хацелася, каб табе галаву адсеклі. Ты радуйся, даравалі табе.

Рагнеда не адгукнулася. Баярын пасядзеў яшчэ хвіліну, не знайшоў, што сказаць, і паехаў.

Адну ноч адпусцілі ёй на развітанне з дзецьмі, а на золку - вечнае расстанне. Так ацаніў Уладзімір сваю кроў і рану, такую браў плату: хацела пакінуць дзяцей без бацькі, без сябе - хай здзейсніцца, не чуць ім больш твайго голасу... Гэтую апошнюю кіеўскую ноч Рагнеда прасядзела з дзецьмі. Спалі, паклаўшы пухленькія шчочкі на маленькія кулачкі, яе дочкі - Прадслава і Прамаслава; на бацькоўскі лад, закінуўшы за галаву рукі, ляжалі тры сына - Ізяслаў, Яраслаў, Усевалад, і яна галубіла іх, убірала ў памяць іх твары, згадвала нараджэнне кожнага, прагныя губкі на грудзях, іх першыя песенькі, першыя крокі і першыя іх словы, іх любоў да яе, якую непазбежна загасіць гэтая вечная разлука...