Читать «Тры жыцці княгіні Рагнеды» онлайн - страница 30

Кастусь Тарасаў

- Апраніся, - пачула яна хрыплы голас Уладзіміра. - Твая чарга!

Сабраўшы сваё адзенне, ён выйшаў з хаты. Рагнеда паднялася, няспешна надзела кашулю, спадніцу, абулася ў боты і прайшла ў пакой, дзе спалі дзеці. Кожнага пацалавала ў цёплую скронь, агледзела ўсіх пяцёх, ужо сіротак; зашчаміла ёй сэрца, слёзы жалю пакаціліся па шчацэ. Яе развітальны пацалунак абудзіў Ізяслава. «Што, мамка?» - спалохана запытаў малы. «Спі, сынок, - супакоіла Рагнеда. - Усё добра. Спі!» Яна вярнулася ў спальню і села на ложак, чакаючы князя ці князевых катаў. Горкая была хвіліна - помста не спраўдзілася, дзеці асірацеюць, сама яна памрэ. Але і жыць ужо немагчыма. Раптам увайшоў Ізяслаў і стаў перад ёю: «Мама, што?» Жаласна глядзелі яго вочы, мучылася прадчуваннем нейкай бяды нявіннае дзіцячае сэрца. Рагнеда абняла сына, прытуліла, удыхала салодкі пах яго валасоў, лашчыла худую спіну і шкадавала пра недарэчны свой промах... «Ах, сынок мой, сынок мой, - шаптала яна, - бедны мой сынок!» - «Што, мама? - хваляваўся Ізяслаў, пачынаючы плакаць. - Чаму плачаш?» - «Зараз твой бацька заб'е мяне, - адказвала яна. - Не забудзь гэты час!» Наказаўшы «не забудзь гэты час», яна дакладна ўзгадала апошнія словы свайго бацькі. Вось што ён крычаў ёй, верачы, што яе не заб'юць: «Не забудзь гэты час, Рагнеда!» Не забудзь - значыць, адпомсці. І во як павярнулася яе помста. Колькі гадоў не помніла, а як зрабіла - дык на сваю смерць. Забудзе і ён, пакуль дарасце да сілы. «Не забудзь гэты час!» - паўтарыла яна безнадзейна.

Адчыніліся ўваходныя дзверы, хутка ўвайшоў Уладзімір з аголеным мечам. За ім стаялі, свецячы паходнямі, двое кметаў. Рагнеда паднялася. Нечакана Ізяслаў ступіў наперад і сказаў:

- Раней забі мяне, тата. Не хачу бачыць смерці матулі.

Князь доўга глядзеў на сына, і яго рашучасць да помсты захісталася. Позірк яго пацверазеў, ён цяжка і скорана ўздыхнуў.

- Усе мы жорсткія, - сказаў ён з горыччу і нібы ў апраўданне. - Не заўсёды па ўласнай волі. Вырасцеш - зразумееш.

Ён з дакорам паглядзеў на Рагнеду і пайшоў. Зашумеў крыкамі двор, прарыпелі вароты, і тупат дзесятка коней паведаміў, што князя ў двары ўжо няма. І ніколі больш не будзе, зразумела Рагнеда. Яна абняла сына: «Сыночак мой, любы, выратоўца ты мой!» З'явілася Рута; нічога не пытаючы, зняла скрываўленую прасціну, пасцяліла чыстую. Ізяслаў не хацеў ісці спаць. «Баюся, матуля, - прасіўся ён. - Хачу з табой». Ён лёг на Ўладзімірава месца і, трымаючы руку Рагнеды, хутка заснуў.

- Што ж будзе, княгіня? - запыталася Рута.

- Што будзе, тое будзе, - адказала Рагнеда. - Горай, чым было, не будзе.

- Крыві пралілося, - з прыкметнай нязгодай сказала Рута. - Не даруе князь. Не будзе па-ранейшаму.

- Лепш памерці мне, чым жыць па-ранейшаму, - вызначыла Рагнеда.

Прайшло два дні. Рагнеда правяла іх з дзецьмі, лашчачы кожнага, і кожнаму дагаджала. Няведанне лёсу болей не займала яе; яна падрыхтавалася прыняць любыя змены. Нават думка пра пакаранне смерцю, якім зноў можа запаліцца Ўладзімір, цяпер яе не страшыла. Яшчэ ён мог замкнуць яе ў парубе, але і магчымая адзінота ў астрозе не адгукалася горыччу. Сваю будучыню яна праверыла яго ўдачамі; ён будзе жыць, і таму яе лёс не мог быць шчаслівым - чаго ж баяцца? Справа зроблена, зваротнага шляху няма, тым больш што яе засцерагалі - старыя палачанскія багіні падавалі ёй знак адмовіцца ад замаху; яны заўсёды з'яўляюцца перад бядой; калі яны паказваюцца на вочы - значыць чакай няўдачы, крыві, смерці.