Читать «Тры жыцці княгіні Рагнеды» онлайн - страница 29

Кастусь Тарасаў

Ціха ў хаце, у суседнім пакоі дагарае свечка. Трэба новую запаліць, думае Рагнеда, без святла не патраплю я ў сэрца. Яна падымаецца, Уладзімір скрозь сон нешта мармыча, ёй здаецца: «Куды ты?» - «Свечку змяніць, - ціха гаворыць яна. - Не бачна цябе». Рагнеда падыходзіць да стала, запальвае ад слабенькага агеньчыка другую свечку, капае на стол воскам і мацуе свечку каля нажа. Злавесна блішчаць яго пазалочаныя тронкі. Схапіць бы яго... Не, нельга спяшацца, яшчэ не час, не ўцячэ Ўладзімір, у пастцы ён, капішчам стане іхняя пасцель, а ён ахвярай - чакаюць багі яго крыві, атрымаюць яны вялікую асалоду. Вось дагарыць тонкая свечка - тады і кон; няхай жыве, няхай сніць сны пра рамеяў і Таўрыю, пакуль свеціць трапяткі агеньчык...

І ўвесь час, пакуль свечка аплывала васковымі слязьмі, калыхаліся перад вачыма Рагнеды нейкія барвовыя плямы, цьмяна праглядаліся скрозь іх знаёмыя постаці - яна разумела, што яны мацуюць яе руку... Раптоўна ўбачыла яна ў куце трох старых з Палаты, нерухома назіралі яны за ёю, і ад іхнай уважнасці тужліва замерла сэрца; нашто яны тут; прыносяць яны з сабой няўдачу; заўжды перад новай бядою заглядаюць яны ёй у вочы. А-а, здагадалася Рагнеда, - ёй жа памерці сённяшнім ранкам, яны развітваюцца. І не стала старых, нібы трапна разгадала яна гэта прывід...

Вось свечка дагарае. Рагнеда кранула князя локцем. Уладзімір не адчуў. Яна ўзнялася і, не азіраючыся, пайшла да стала. Лёгка, з гатоўнасцю, выпаўз з похвы матавы клінок. Рагнеда заціснула нож у руцэ - пад вялікім пальцам аказалася круглае наверша з камянём. Моцна сціскаючы прыладу смерці, яна ціха наблізілася да ложка. Уладзімір не паварушыўся. «Спіць як забіты, - падумала яна. - Мёртвым сном». Яна прыглядзелася да яго грудзей, шукаючы абранае для ўдару месца. «Толькі бы ён не закрычаў», - падумала яна, згадаўшы дзяцей. Нож ужо ляцеў уніз, але гэтая раптоўная і нечаканая думка скрывіла руку і лязо трапіла не ў сасок, а ў рабрыну і пайшло па ім, узрэзваючы скуру...

Князь прыўскочыў і прачнуўся; яшчэ не зразумеўшы, што з ім, ён, па чуццю небяспекі, збіў Рагнеду з ног ударам кулака. Грукнуў аб падлогу нож. Боль раны, мокрая ад крыві кашуля, варожы, раз'юшаны позірк жонкі імгненна растлумачылі князю, што адбылося. У яго вачах мільгануў страх - ён адчуў, як блізка стаяла смерць; Рагнеду гэты кароткі княжы жах суцешыў - Уладзімір быў жывы, ён выратаваўся, ёй зноў не пашчасціла, цяпер ужо назаўсёды. Яна бачыла, як ён ускочыў, прыціснуў руку да раны і ўтаропіўся ў нож, на якім засталіся кроплі крыві. З абыякавасцю да наступнай сваёй хвіліны яна глядзела на Ўладзіміра. Вось ён схапіў нож і падступіў да яе. З вялізнай клямай крыві на кашулі стаяў ён над Рагнедай, і напружана дрыжэў ва ўзнятай яго руцэ кінжал. Лютасць адняла ў яго мову; нейкім воўчым рыкам выходзілі з яго вуснаў словы прысуду - але ўсадзіць у жонку нож ён устрымаўся, малой здалася яму такая адплата. Раптам усвядоміўшы, што галоўны яе губіцель, першы яе вораг жывы і будзе жыць, Рагнеда зарыдала; сціскаючы галаву рукамі, ківаючыся, яна адчайна пытала лёс: «Чаму ён жывы? Чаму жывы?»