Читать «Метамарфозы, цi Залаты асёл» онлайн - страница 92

Апулей

6. А муж, збянтэжаны такой сустрэчай, адказвае: "Што такое? Гаспадар, у якога мы працуем, заняты ў судзе i нас адпусцiў. Але пра тое, як нам сягоння паабедаць, я паклапацiўся. Бачыш гэту бочку? Яна пустуе i толькi дарма займае месца, замiнае, а карысцi з яе нiякай. Дык вось, я прадаў яе аднаму чалавеку за пяць дынараў. Ён ужо тут, зараз расплацiцца i забярэ яе сабе. Ты трохi падаткнi адзежу i памажы мне выцягнуць яе з зямлi, каб аддаць пакупнiку".

Пачуўшы гэта, ашуканка ўцямiла хутка, як можна скарыстаць гэтыя абставiны, дык адказвае з нахабнай усмешкай:

"Вось i муж мне трапiўся, дык муж! Спрытны гандляр! Рэч, якую я, кабета, седзячы дома, прадала за сем дынарыяў, ён спусцiў за пяць!" Узрадаваны надбаўцы, муж пытаецца: "Хто ж гэта табе столькi даў?" А яна адказвае: "Ды ён, дурнiца ты, даўно залез у бочку, каб праверыць, цi моцная яна, цi цэлая?"

7. Палюбоўнiк не прапусцiў без увагi слоў жанчыны i, хутка высунуўшыся, кажа: "Хочаш ты, гаспадыня, ведаць праўду? Бочка твая ўжо старая i дала шмат трэшчынаў". А пасля, звяртаючыся да мужа i быццам яго не пазнаючы, дадае: "Дай мне, калi ласка, хто-небудзь лямпу, каб, саскробшы бруд унутры, я мог убачыць, цi варта яна чаго, бо грошы ж у мяне не крадзеныя. Цi ж не так?"

Доўга не думаючы i нiчога не падазраючы, клапатлiвы i прыкладны муж запалiў лямпу i кажа: "Вылазь, братка, i пастой сабе, пакуль я сам яе добра не ачышчу". I, распрануўшыся i забраўшы з сабой свяцiльнiк, пачаў саскрэбваць шматгадовую скарынку гразi i гнiлi. А палюбоўнiк, прыгожы малойчык, нагнуў яго жонку да бочкi i, прымасцiўшыся зверху, старанна апрацоўваў. А да таго яшчэ распусная баба ўсунула галаву ў бочку i, здзекуючыся з мужа, паказвае яму пальцам, дзе скрэбцi: у тым месцы i ў гэтым месцы ды зноў у тым i яшчэ ў гэтым, так аж пакуль абедзве работы не закончылiся.

Пасля гэтага злашчасны рамеснiк, атрымаўшы свае сем дынарыяў, змушаны быў на сваёй спiне занесцi бочку таму жончынаму палюбоўнiку.

8. Сумленныя свяшчэннаслужыцелi, пабыўшы ў той мясцовасцi некалькi дзён, ад'еўшыся i за кошт шчодрай грамады туга набiўшы кашалькi за свае прароцтвы, прыдумалi новы спосаб здабываць грошы. Склаўшы адно агульнае прадказанне на ўсе жыццёвыя выпадкi, дурманiлi людзей, якiя прыходзiлi да iх на раду ў розных жыццёвых справах. А прадказанне iхняе было такое: