Читать «Метамарфозы, цi Залаты асёл» онлайн - страница 94

Апулей

Хоць, калi быў чалавекам, я не раз бачыў, як прыводзяцца ў рух такiя машыны, але пусцiўся на хiтрасць, i прыкiнуўся някемлiвым, i быццам аслупянеў, нiчога не ведаючы i не разумеючы. Я разлiчваў, што мяне прызнаюць няздатным да гэтай работы i выправяць на лягчэйшую цi наогул пакiнуць у супакоi i будуць кармiць. Ды надарма я прыдумаў такую хiтрасць. Таму што вочы ў мяне былi завязаныя, я не ведаў, што быў акружаны цэлым натоўпам работнiкаў з кiямi, якiя на дадзены знак пачалi з незвычайным крыкам дубасiць мяне з усiх бакоў.

Я так напалохаўся iхняга гiкання, што, пакiнуўшы ўсе свае задумы, налёг з усёй сiлы на лямку, сплеценую з альфы, i з усiх ног пусцiўся па крузе. Гэта раптоўная перамена ў маiх паводзiнах выклiкала ў прысутных агульны смех.

12. Калi прайшла большая частка дня i я зусiм выбiўся з сiл, мяне вызвалiлi з пастронкаў, адвязалi ад жорнаў i завялi да ясляў. Хоць я амаль валiўся ад стомы з ног i памiраў з голаду, хоць мне трэба было аднавiць сiлы, мая неадступная цiкаўнасць трывожыла мяне i не давала супакою. Не дакрануўшыся да шчодра нарыхтаванай мне ежы, я пачаў разглядаць парадкi на гэтым прадпрыемстве. Вялiкiя багi! Якое ж вартае жалю вiдовiшча мяне акружала! Ува ўсiх людзей скура была ў сiняках, падзёртыя лахманы не толькi не закрывалi, як належыць, iх спаласаваных спiнаў, а толькi кiдалi на iх цень. У некаторых кароткая апратка даходзiла толькi да пахвiны, тунiкi на кожным былi такiя, што праз лахманы вiдаць было цела, палова галавы аголена, на лобе кляймо, на нагах ланцугi, твары зямлiстыя, павекi раз'едзеныя дымам i гарачай парай. Усе яны падслепаватыя, на ўсiх мужчынах пыл, як брудна-белы попел, быццам на кулачных байцах, якiя выходзяць на сутычку не iнакш як абсыпаўшыся дробным пяском.

13. А што я магу сказаць, якiмi колерамi апiсаць маiх таварышаў у стойлах? Якiя старыя мулы, якiя разбiтыя канякi! Збiўшыся каля ясляў i ўсунуўшы туды морды, яны перажоўвалi кучы мякiны. Iхнiя ўсыпаныя болькамi шыi былi напухлыя, друзлыя ад нястрымнага кашлю ноздры расшыраныя, рэбры ад заўсёдных удараў вытыркалiся, грудзi параненыя цвёрдай альфавай лямкай, капыты расплюшчаныя ад вечнага кружэння па адной дарозе, i ўся iхняя шкура пакрыта застарэлай каростай.

Напалоханы выглядам гэтай кампанii, успомнiў я былое жыццё Луцыя i, дайшоўшы да межаў адчаю, панiк галавой i затужыў. У маiм пакутлiвым жыццi засталася адзiная ўцеха: забаўляцца з уласцiвай мне цiкаўнасцю нагляданнем за людзьмi, якiя ў маёй прысутнасцi свабодна, так, як iм падабалася, гаварылi i дзейнiчалi.