Читать «Метамарфозы, цi Залаты асёл» онлайн - страница 89

Апулей

29. Гэтак пераходзячы з месца на месца, яны абiралi ўсе акругi. Нарэшце, прыйшоўшы ў нейкае сяло, у радасцi ад добрай нажывы, яны вырашылi наладзiць банкет. Iлжывым прадказаннем яны выдурылi ў аднаго селянiна сама тлустага барана, каб гэтай ахвярай задаволiць прагавiтую Сiрыйскую багiню, i, нарыхтаваўшы ўсё, як належыць да вячэры, iдуць у лазню. Памыўшыся там, прыводзяць з сабой на вячэру здаравеннага мужчыну, шчодра надзеленага сiлай клубоў i пахвiны. Не паспеўшы перакусiць такой-сякой гароднiны, гэта бруднае быдла адчула бессаромныя поцягi да сумна вядомай пажадлiвасцi. Яны акружылi натоўпам чалавека, распранулi, павалiлi дагары i пачалi апаганьваць яго сваiмi гнюснымi губамi. Мае вочы не маглi знесцi такой беззаконнасцi, i я спрабаваў гукнуць: "На дапамогу, квiрыты!" Аднак нiякiх гукаў, нi складоў у мяне не атрымалася, апроч яснага, гучнага, тыпова аслiнага "О!". I гукнулася яно зусiм не ў пару, бо ў суседнiм сяле мiнулай ноччу ўкралi асляня, i некалькi хлопцаў выправiлiся яго шукаць, старанна правяраючы кожны закутак. Пачуўшы маё рыканне ў зачыненым памяшканнi, падумалi, што ў доме хаваюць украдзеную ў iх жывёлiну, дык каб не даць злодзею ахамянуцца, увальваюцца знянацку ўсiм гуртам у пакой, i перад iхнiмi вачыма паўстае ўсё тое паскудства. Яны тут жа склiкаюць суседзяў i ўсiм расказваюць пра ганебнае вiдовiшча, падымаючы на смех найчысцейшую цнатлiвасць свяшчэннаслужыцеляў.

30. Заплямленыя такой ганьбай, чутка пра якую нястрымна пашыралася i па заслугах зрабiла iх усiм агiднымi i невыноснымi, каля поўначы, забраўшы свае манаткi, яны пакiнулi сяло. Прайшоўшы да свiтання ладны кавалак дарогi, яны доўга радзiлiся ўжо пры дзённым святле на нейкiм бязлюдным месцы i пастанавiлi мяне забiць. Знялi з мяне выяву багiнi, прывязалi да нейкага дрэва i так адсцябалi мяне бiзуном з барановымi костачкамi, што я там ледзь не выпусцiў дух. Сярод iх быў адзiн, якi ўвесь час пагражаў мне падсекчы сваёй сякерай паджылкi за тое, што нiбыта я абразiў яго цнатлiвасць, на якой, як вядома, не было нi плямкi. Аднак другiя, не столькi думаючы аб маiм выратаваннi, колькi аб лёсе кiнутай на зямлю статуi, палiчылi, што лепш пакiнуць мяне ў жывых. Дык нагрузiўшы мяне зноў i падганяючы плазам мячоў, даехалi да нейкага немалога горада. Адзiн з сама важных грамадзян гэтага горада, чалавек наогул набожны, якi асаблiва шанаваў нашу багiню, пачуўшы звон цымбалаў i тымпанаў i кволыя гукi фрыгiйскiх мелодыяў, выбег насустрач i, згодна з дадзеным калiсьцi абяцаннем, запрасiў багiню ў свой дом i ўсiх нас размясцiў уздоўж агароджы двара. А багiню стараўся расчулiць знакамi сама глыбокай пашаны i шчодрымi ахвярамi.

31. Тут, як помню, над маiм жыццём павiсла страшная небяспека. Адзiн селянiн прыслаў свайму гаспадару, у якога мы спынiлiся, частку сваёй паляўнiчай здабычы — вялiкi сыты аленевы кумпяк. Праз неасцярожнасць павесiлi яго паблiзу кухонных дзвярэй, i нейкi сабака, таксама пэўным чынам паляўнiчы, сцягнуў яго i, пакуль нiхто не заўважыў, пастараўся адвалачы яго як найдалей i як найхутчэй.