Читать «Метамарфозы, цi Залаты асёл» онлайн - страница 88

Апулей

Гэтак пустасловячы мiж сабой, яны прывязалi мяне на дварэ да ясляў. Быў сярод iх нейкi юнак дзябёлага целаскладу, умелец iгры на флейце, куплены iмi на рынку за ахвяраваннi, якiя яны збiралi. Калi яны насiлi па ваколiцах статую багiнi, ён хадзiў разам з iмi, iграў на трубе, а дома служыў усiм без разбору прадметам заспакаення ненармальнага юру.

Як толькi ён мяне ўбачыў, ахвотна i шчодра насыпаў мне корму i весела загаварыў: "Нарэшце ўсё ж з'явiўся намеснiк у няшчаснай маёй працы! Жывi толькi чым найдаўжэй i дагадзi гаспадарам, каб адпачылi мае стомленыя бакi".

Пачуўшы гэта, я задумаўся аб тых, што чакалi мяне, пакутах.

27. На другi дзень, прыбраныя ў рознакаляровыя пярэстыя вопраткi, бязглузда размаляваўшы твары фарбай брудна-бурага колеру i па-майстэрску падвёўшы вочы, выступiлi яны, прыхарашыўшыся жаночымi намiткамi i шафранавымi сукенкамi з палатна i шоўку. На некаторых з iх былi белыя тунiкi, падперазаныя паясамi, размаляваныя ў вузкiя пурпурныя палоскi на падабенства маленькiх коп'яў у палёце, на нагах былi жоўтыя туфлi.

Фiгуру багiнi, захутаную ў шаўковае пакрывала, яны ўзлажылi на мяне, а самi, агалiўшы рукi да плячэй, неслi вялiкiя мячы i сякеры i, узбуджаныя гукам флейты, з падскокамi выконвалi свой шалёны святы танец. Мiнуўшы шмат хацiн, яны спынiлiся каля дома багатага гаспадара, i ў той жа момант паветра напоўнiлася непрыстойным лямантам, а яны пачалi насiцца, апусцiўшы галовы, хуткiмi рухамi паварочваючы шыi, так што звiслыя валасы развявалiся, утвараючы кола. Некаторыя на бягу кусалi свае плечы i нарэшце двухсечнымi нажамi, якiя мелi пры сабе, пачалi паласаваць свае рукi. Асаблiва стараўся адзiн: з глыбiнi яго грудзей вырывалася парывiстае дыханне, i ён выяўляў дзiкую непрытомнасць, быццам на яго сышоў святы дух, нiбыта божая прысутнасць, замест удасканальваць чалавека, робiць яго хворым i нядужым.

28. Ды вось глядзi, якую ўзнагароду атрымаў ён ад нябеснага наканавання! Прыкiдлiва гучным голасам пачаў ён вiнавацiць самога сябе ў тым, што быццам ён нейкiм спосабам пераступiў святыя законы рэлiгii i пасля таго крычыць, што павiнен атрымаць з уласных рук справядлiвае пакаранне. Нарэшце хапае бiзун, асаблiвую зброю гэтых напалову мужчын, з воўны з доўгiмi махрамi i з рознай велiчынi авечымi костачкамi на канцах i пачынае сам сябе сцябаць, спыняючы незвычайнай сiлай волi боль. Можна было бачыць, як ад парэзаў мячом i ад удараў бiзуна зямля пакрылася нячыстай крывёю гэтых скапцоў.

Гэта вiдовiшча абудзiла ўва мне немалую трывогу. Убачыўшы столькi крывi, выцеклай са шматлiкiх ран, я падумаў, што можа здарыцца, што страўнiк вандроўнай багiнi зажадае аслiнай крывi, як некаторыя людзi бываюць ласыя на аслiнае малако.

Урэшце, цi то стамiўшыся, цi то здаволiўшыся лупцаваннем, спынiлi яны кровапралiцце i пачалi збiраць i складваць за пазуху, дзе месца хапала, медныя, а нават сярэбраныя грошы, якiя iм наперабой падавалi шматлiкiя ахвярадаўцы. Апроч таго, далi iм бочку вiна, малака, сыру i розных гатункаў мукi, а некаторыя прынеслi i ячменю насiльшчыку багiнi. Усё гэта яны прагавiта пабралi i, пазапiхаўшы ў спецыяльна на гэта падрыхтаваныя мяхi, узвалiлi мне на спiну. Такiм чынам, выступаючы пад цяжарам двайной паклажы, я быў адначасова i святыняй i свiрнам.