Читать «Метамарфозы, цi Залаты асёл» онлайн - страница 130

Апулей

22. Так разважаў стары, i маё служэнне не парушалася ўжо нецярпеннем, але, паглыбiўшыся ў цiхi супакой i ў пахвальную маўклiвасць, стараннымi штодзённымi малiтвамi ўзносiў я сваю хвалу святынi. I не ашукала мяне збаўчая дабрата магутнай багiнi. Не мучыла яна мяне доўгай адтэрмiноўкай i аднойчы цёмнай ноччу, але зусiм не цёмнымi загадамi, ясна адкрыла мне, што настае для меня доўгачаканы дзень, калi яна здзейснiць найбольшае з маiх жаданняў. Вызначыла, колькi я павiнен даць на выкупное малебства, i аб'явiла, што для выканання абраду прызначаецца той самы Мiтра, яе вярхоўны жрэц, якога звязвае са мной нейкая роднасць свяцiлаў.

Уцешыўшыся ўсёй душой ад гэтых i падобных да iх прыемных паведамленняў вярхоўнай багiнi, пры першым свiтаннi зары, стросшы з сябе сон, адразу накiроўваюся да жрацовага жылля i, сустрэўшы старога на дарозе, вiтаю i падаюся за iм. Я ўжо збiраўся больш настойлiва, чым раней, дамагацца ад яго пасвячэння, як належнага мне, але ён сам, ледзь мяне ўбачыўшы, адазваўся: "О мой Луцый, благаслаўлёны ты i шчаслiвы! Якой вялiкай мiласцi ўдастойвае цябе нябесная валадарнiца! Чаго ж ты цяпер стаiш без занятку? Чаго ж ты цяпер сам марудзiш? Вось настае для цябе даўно жаданы дзень, у якiм па боскiм загаду шматiмённай багiнi я сваiмi рукамi павяду цябе ў прачыстыя таямнiцы свяшчэннага служэння!"

Тут ветлiвы стары, паклаўшы сваю правую руку мне на плячо, адразу вядзе да варот прасторнай будынiны. Там пасля правядзення абраду адчыняння дзвярэй, адбыўшы ранняе богаслужэнне, выносiць з нетраў святынi нейкiя кнiгi, напiсаныя незразумелымi лiтарамi. Гэтыя знакi то адлюстроўваюць розных жывёл i скарочана перадаюць словы ўрачыстых тэкстаў, то ўсякiмi вузламi пераплятаюцца i выгiнаюцца дзiўна накшталт кола, хаваючы таемны змест тэксту ад пустой цiкаўнасцi. З гэтых кнiг ён прачытаў мне, як я павiнен падрыхтавацца да пасвячэння.