Читать «Метамарфозы, цi Залаты асёл» онлайн - страница 132

Апулей

25. "О найсвяцейшая людскога роду збавiцелька вечная, пастаянная заступнiца смяротных, родная мацi для бедных! Нi дзень, нi ноч, нi нават кароткая хвiлiна не застаецца без твайго нагляду. Ты апякуешся людзьмi на моры i на сушы, у жыццёвых нягодах прасцiраеш сваю выратавальную руку, якой разрываеш непарушнае прадзiва наканавання, змякчаеш лютасць Лёсу, спыняеш ход нябесных свяцiлаў. Ушаноўваюць цябе найвышэйшыя багi, i багi падземных ценяў табе пакланяюцца. Ты павяртаеш кола свету, запальваеш сонца, кiруеш сусветам, перамагаеш Тартар. На твой поклiч адзываюцца зоры, ты крынiца часу, радасць нябесных жыхароў, панi стыхiяў. На твой знак агонь разгараецца, хмары гусцеюць, збожжа прарастае, узнiмаюцца пасевы. Тваёй сiлы баяцца птушкi, што ў небе лятаюць, звяры, што блукаюць у гарах, змеi, што ў зямлi хаваюцца, страшыдлы, што плаваюць па хвалях. Але я для тваёй хвалы бедны розумам, для складання ахвяр падзякi бедны маёмасцю. I ўсёй паўнаты мовы не хапае, каб выявiць пачуццi, тваёй велiччу ўва мне народжаныя, i тысячы вуснаў не хапiла б, i тысячы моваў з iх бязмежнай красамоўнасцю! Што ж, пастараюся зрабiць тое адзiнае, што даступнае сумленнаму, але небагатаму чалавеку. Аблiчча тваё нябеснае i найсвяцейшую боскасць у глыбiнях майго сэрца навек захаваю i зберагу".

Памалiўшыся вярхоўнай багiнi такiм чынам, кiдаюся на шыю жрацу Мiтры, якi стаў мне другiм бацькам, i, укрываючы яго пацалункамi, прашу дараваць за тое, што як належыць не магу аддзякаваць яму за яго дабрату.

26. Я доўга i шырока выяўляў яму сваю ўдзячнасць, нарэшце, развiтваючыся з iм, яшчэ раз абымаю i адразу пускаюся ў дарогу, каб зноў пасля доўгай адсутнасцi ўбачыць родны дом. Аднак застаюся там толькi некалькi дзён, бо па загаду вялiкай багiнi, паспешлiва сабраўшы свае рэчы, сядаю на карабель i накiроўваюся ў Рым. Шчаслiва пры спадарожным ветры хутка дабiраюся да Аўгуставай гаванi, i, перасеўшы там на падводу, iмчуся далей, i пад вечар, напярэдаднi снежаньскiх iдаў, прыбываю ў гэты святы горад. Ад гэтага часу маiм галоўным заняткам сталi штодзённыя малiтвы вярхоўнай багiнi Iзiдзе-валадарнiцы, якую там надзвычай ушаноўвалi пад iмем Палявой ад месца знаходжання яе святынi. Быў i я старанным яе паклоннiкам, i хоць у гэтым храме быў чужынцам, затое ў вучэннi з'яўляўся сваiм чалавекам.