Читать «Метамарфозы, цi Залаты асёл» онлайн - страница 129

Апулей

20. Аднойчы прыснiлася мне, што з'яўляецца да мяне вярхоўны жрэц, несучы штосьцi ў поўным аж да верху падоле. На маё пытанне, што гэта i адкуль, ён адказвае, што гэта мая доля з Фесалii, i таксама, што адтуль вярнуўся мой раб Кандзiд. Прачнуўшыся, я вельмi доўга думаў пра гэты сон, жадаючы адгадаць, што б ён мог значыць. Апроч таго, у мяне нiколi не было раба з такiм iмем. Але ў кожным разе я разлiчваў, што прысланая доля абазначае нейкi прыбытак. Занепакоены i ўсхваляваны надзеяй на нейкую ўдачу i даход, я чакаў, калi адчыняць храм. Калi рассунулiся беласнежныя заслоны, мы звярнулiся з малiтвамi да шанаванай выявы багiнi. Жрэц абышоў усе алтары, праводзячы богаслужэнне i вымаўляючы ўрачыстыя малiтвы, а ўрэшце, зачэрпнуўшы вады са святой крынiцы, выканаў вылiванне з келiха. Зрабiўшы ўсё паводле свяшчэннага абраду, набожныя служыцелi багiнi вiтаюць усход сонца i зычнымi галасамi абвяшчаюць першую гадзiну дня.

I вось у гэту самую хвiлiну з'яўляюцца, даведаўшыся аб маiх прыгодах, проста з Гiпатыi, дзе я пакiнуў iх тады, мае слугi. Яны былi там, дзе Фацiда заблытала мяне ў свае каварныя сецi, i прывялi з сабой нават майго каня, якi не раз пераходзiў з рук у рукi i ўрэшце быў знойдзены па асаблiвай адмецiне на хрыбце. Прарочаму значэнню майго сну я дзiвiўся тым больш, што апрача дакладна выкананага абяцання адносна прыбытку рабу Кандыду адпавядаў вернуты мне конь, якi быў белай масцi.

21. Пасля гэтага выпадку я яшчэ больш старанна ўзяўся за спраўлянне рэлiгiйных абрадаў, бо спадзяванне на будучыню падтрымлiвала ўва мне сягонняшняе дабрадзейства. З дня на дзень усё мацней i больш прасякала мяне жаданне прыняць пасвячэнне, i я не адставаў ад вярхоўнага жраца са сваiмi гарачымi просьбамi, каб ён нарэшце пасвяцiў мяне ў таямнiцы свяшчэннай ночы. А ён, чалавек наважны i вядомы строгiм захоўваннем рэлiгiйных законаў, сцiпла i ветлiва, як звычайна бацькi стрымлiваюць няўчасныя жаданнi сваiх дзяцей, адхiляў маю настойлiвасць, пацяшаючы i супакойваючы мяне ў маiм парыве добрымi надзеямi.

"Нават дзень, — казаў ён, — у якi можна пасвячаць таго цi iншага чалавека, паказваецца божымi знакамi, i жрэц, якому прыйдзецца выканаць абрад, выбiраецца тым самым прызначэннем, а нават неабходныя расходы на цырымонiю ўстанаўляюцца звышнiм загадам". Дзеля гэтага ён лiчыў, што мне трэба ўзброiцца немалой цярплiвасцю, высцерагаючыся прагнасцi i фанабэрыстасцi, i старацца пазбягаць абедзвюх крайнасцяў. Калi ёсць паклiканне, дык не трэба спяшацца. I невядома, цi знойдзецца сярод жрацоў чалавек, настолькi пазбаўлены розуму, i нават больш, якi б асудзiў сам сябе на загубу, асмелiўшыся без спецыяльнага загаду багiнi выканаць такi дзёрзкi i святатацкi ўчынак i падставiў сябе смяротнай небяспецы. Вядома ж бо, што i ключы ад апраметнай i апора збаўлення ў руках у багiнi. Ды i звычай гэты ўстаноўлены да падабенства добраахвотнай смерцi i дараванага з лiтасцi збаўлення. Багiня звычайна намячае сваiх выбраннiкаў з тых, якiя, ужо закончыўшы жыццёвы шлях i стоячы на парозе апошняга дыхання, тым лепш могуць захаваць у маўчаннi вялiкую таямнiцу нябеснага вучэння. Яе воляй гэтыя, быццам другi раз народжаныя, атрымлiваюць магчымасць пачаць свой шлях да збаўлення яшчэ раз. Вось гэтак i мне трэба чакаць знаку, хоць зусiм ясна, што высокiм прысудам вялiкага боства я даўно ўжо паклiканы i прызначаны да набожнага служэння. Аднак i цяпер я павiнен ужо побач з iншымi служыцелямi храма паўстрымоўвацца ад недазволенай i нячыстай ежы, каб тым хутчэй дасягнуць да схаваных таямнiц найчысцейшай веры.