Читать «Метамарфозы, цi Залаты асёл» онлайн - страница 128

Апулей

Нарэшце, калi ўжо карабель напоўнiўся шчодрымi прынашэннямi i пажаданнямi шчаслiвага плавання, абразаюць якарныя канаты i, аддаўшы спадарожнаму i спакойнаму ветру, пускаюць яго ў мора. А калi судна было на такой адлегласцi, што амаль хавалася ад нашых вачэй, насiльшчыкi зноў узялi прынесеныя iмi свяшчэнныя прадметы i, як раней, пышнай працэсiяй хуткiм крокам падалiся ў бок святынi.

17. Калi мы падышлi да самага храма, вялiкi жрэц, насiльшчыкi свяшчэнных выяў i тыя, што ўжо былi раней пасвечаны ў высокашаноўныя таямнiцы, увайшоўшы ў свяцiлiшча багiнi, параскладалi там у належным парадку ўсе святасцi. А тады адзiн з iх, якога ўсе называлi пiсцом, стаўшы насупраць дзвярэй, склiкаў пастафораў (так называлася гэта свяшчэнная калегiя), быццам на сход, i, падняўшыся на падвышэнне каля тых самых дзвярэй, пачаў чытаць з кнiгi напiсаныя ў ёй малiтвы.

Малiтвы гэтыя былi аб шчасцi iмператара, паважанага сената, коннiкаў i ўсяго рымскага народа, аб караблях i мараках i аб усiм, што падуладна нашай дзяржаве, i скончылася чытанне паводле грэцкага абраду грэцкiм заклiкам: "Цяпер iдзiце дамоў, служба закончана". У адказ пранеслiся крыкi народа, якi выказваў пажаданнi, каб гэтыя словы ўсiм прынеслi ўдачу.

З кветкамi, з галiнкамi ў руках i з вянкамi радасныя грамадзяне, пацалаваўшы ступнi сярэбранай статуi багiнi, што стаяла на ўсходках храма, разышлiся па сваiх сялiбах. А я не мог адважыцца нi на крок адысцiся ад гэтага месца i, не спускаючы вачэй з выявы багiнi, перабiраў у памяцi перажытыя мною нягоды.

18. Тым часам легкакрылая чутка не ленавалася i не давала сваiм крылам адпачынку. Зараз жа пайшлi ў мяне на радзiме чуткi пра небывалую прыхiльнасць да мяне божага промыслу i пра мой славуты лёс. Мае сябры, любiмыя рабы i ўсе мае блiзкiя родзiчы, адкiнуўшы скруху, у якую акунула iх iлжывая вестка пра маю смерць, у вялiкай радасцi спяшаюцца да мяне з рознымi падарункамi, каб зiрнуць на таго, хто вярнуўся на свет з апраметнай. У мяне ўжо не было надзеi iх убачыць, i таму я быў надзвычай рады i з прыемнасцю прымаў iхнiя шчырыя прынашэннi. Мае блiзкiя паклапацiлiся забяспечыць мяне ўсiм неабходным для бязбеднага iснавання.

19. Пагаварыўшы, як належыць, з кожным з iх i расказаўшы аб перажытых нягодах i цяперашняй радасцi, я зноў звярнуў усю сваю ўвагу на багiню. Наняўшы за агароджай памяшканне, наладжваю сабе часовае жыллё, наведваю богаслужэннi, пакуль што нiжэйшай ступенi, не расстаюся са жрацамi, стаўшы неадступным паклоннiкам вялiкага боства. Нi адна ноч, нi адзiн дзень, нi сон не мiналi ў мяне без таго, каб я не бачыў багiнi i не атрымлiваў ад яе настаўленняў. Частымi загадамi яна пераконвала мяне прыняць нарэшце пасвячэнне ў яе таямнiцы, да якiх я даўно быў прызначаны. Хоць я i гарэў жаданнем падпадпарадкавацца гэтым загадам, але мяне стрымлiваў свяшчэнны страх, бо я лiчыў надзвычай цяжкай справай безадказнае падпарадкаванне святынi, i нялёгкай задачай здавалася мне захаванне цнатлiвасцi i ўстрыманасцi. Жыццё напоўнена ўсякiмi выпадковасцямi, яно патрабуе асцярожнасцi i абачлiвасцi. Абмяркоўваючы ўсё гэта, я хоць i iмкнуўся хутчэй прыняць пасвячэнне, неяк адкладваў выкананне свайго намеру.