Читать «Метамарфозы, цi Залаты асёл» онлайн - страница 121

Апулей

35. Я пачаў ужо клапацiцца не столькi аб сваёй сарамлiвасцi, колькi аб выратаваннi жыцця. Тым часам мой настаўнiк акунуўся ў клопаты аб тым, каб належным чынам наладзiць ложа, а iншая чэлядзь або была занята падрыхтоўкай да палявання, або ўзiралася на займальнае вiдовiшча. Мне былi пакiнуты ўсе магчымасцi здзейснiць свае планы. Нiкому i ў галаву не прыходзiла, што за такiм рахманым аслом патрабуецца нагляд.

Тады я асцярожна прабiраюся да блiжэйшых дзвярэй i, выскачыўшы, пускаюся з усяе сiлы наўцёк. I гэтак прамчаўшыся цэлых шэсць мiль, дабягаю да Кянхрэя, якi лiчыцца найлепшай карынфскай калонiяй i абмываецца Эгейскiм i Саранiцкiм морамi. Гавань яго з'яўляецца вельмi надзейным прыпынкам для караблёў, i там заўсёды поўна народу. Аднак я пазбягаю шматлюддзя i, выбраўшы адасобленае месца на беразе каля самай вады, распасцiраю стомленае цела на ўлоннi мяккага пяску i падмацоўваю свае сiлы. Каляснiца сонца ўжо апошнi слуп на iпадроме дня абагнула, калi ў вечаровай цiшынi ахапiў мяне дабратворны сон.

КНIГА АДЗIНАЦЦАТАЯ

1. Каля першай начной варты, раптам у сполаху прачнуўшыся, бачу незвычайна блiскучы поўны дыск месяца, што якраз падымаўся з марскiх хваль. Неспадзявана стаўшы сведкам начной таямнiцы, ведаючы, што валадарства вярхоўнай багiнi прасцiраецца асаблiва далёка i яе воля кiруе ўсiм нашым светам, што цудоўныя загады гэтага боскага свяцiла прыводзяць у рух не толькi свойскую жывёлу i дзiкiх звяроў, а нават i неадушаўлёныя прадметы, што ўсе рэчы на зямлi, на небе i на моры згодна з яго ўзрастаннем павялiчваюцца, а з убываннем змяншаюцца, палiчыўшы, што лёс ужо здаволiўся маiмi такiмi шматлiкiмi i цяжкiмi бедамi i дае мне надзею на выратаванне, хоць i спозненае, я надумаўся звярнуцца з малiтвай да царскага аблiчча свяшчэннай багiнi, якое стаяла перада мной.

Без прамаруджвання, скiнуўшы з сябе лянiвую млявасць, я бадзёра ўскокваю i з жаданнем тут жа падпасцi пад ачышчэнне сем разоў апускаю сваю галаву ў марскую тонь дзеля таго, што гэты лiк быў яшчэ боскiм Пiфагорам прызнаны за найбольш адпаведны для рэлiгiйных абрадаў. Пасля таго, звярнуўшы да магутнай багiнi свой зрошаны слязамi твар, так гавару:

2. "Уладарыца нябёсаў, цi ты, Цэрэра, святая мацi раслiн, якая, нарадзiўшы зноў дачку, з радасцi лiквiдавала жалуды, дзiкiя вясковыя харчы, паказаўшы людзям далiкатную прыемную ежу, i жывеш ты ў Элеўсiнскай зямлi; цi ты, нябесная Венера, якая, нарадзiўшы ў пачатку вякоў Амура, злучыла два розныя полы i, памнажаючы вечнай плоднасцю людскi род, цяпер на святым Пафасе, што абмываецца морам, атрымоўваеш пашану; цi ты, сястра Феба, што з лiтасцiвай дапамогай прыходзiш у час родаў i, вырасцiўшы столькi народаў, праслаўляешся цяпер у вядомай Эфескай святынi; цi ты, Празерпiна, якая начнымi завываннямi наводзiш жах, што трайным сваiм выглядам утаймоўваеш нацiск злых духаў, над падземнымi цямнiцамi валадарыш, па розных гаях блукаеш, розныя пакаленнi прымаючы. О Празерпiна, якая сваiм жаночым ззяннем кожны дом асвятляеш, вогкiмi праменямi пасевы ўскормлiваеш, а як сонца хаваецца, нявернае святло сваё нам пралiваеш! Як бы ты нi звалася, якiмi абрадамi i ў якiм выглядзе нi належыць цябе ўшаноўваць, прыйдзi на дапамогу ў бясконцых маiх няўдачах, прышлi мне супакой i адпачынак, падтрымай мой хiсткi лёс, спынi бязлiтасныя беды! Здымi з мяне вобраз дзiкай чацвераногай жывёлiны, вярнi мяне вачам маiх блiзкiх, вярнi мяне майму Луцыю! А калi мяне праследуе з няўмольнай лютасцю якi-небудзь абражаны мною бог, дык хай будзе дадзена мне смерць, калi не дадзена жыць".