Читать «Метамарфозы, цi Залаты асёл» онлайн - страница 119

Апулей

Вось паказаўся прыгожы падлетак, на якiм, апроч хламiды эфебаў на левым плячы, няма iншай вопраткi, залацiстыя валасы ўсiм на захапленне, i праз завiткi прабiваецца ў яго пара зусiм аднолькавых залатых крылцаў, а кадуцэй апавяшчае, што гэта Меркурый. Ён наблiжаецца, танцуючы, падае таму, што прадстаўляў Парыса, пазалочаны яблык, якi трымаў у правай руцэ, знакам тлумачыць волю Юпiтэра i, зграбна павярнуўшыся, знiкае з вачэй.

Пасля таго з'яўляецца дзяўчына высакароднай знешнасцi, падобная да багiнi Юноны. Яе галаву акружае светлая дыядэма, у руках трымае яна скiпетр. Неўзабаве ўваходзiць i другая, якую можна прыняць за Мiнерву. На яе галаве блiскучы шлем, абвiты алiўкавым вянком, яна нясе шчыт i патрасае кап'ём, зусiм як тая багiня ў баi.

31. Следам за iмi выступае яшчэ адна, ззяючы красой i паказваючы сваiм цудоўным аблiччам, што яна Венера, тая Венера, што была яшчэ нявiннiцай, выяўляючы дасканалую прыгажосць адкрытага цела, калi не лiчыць шаўковай матэрыi, якая засланяла яе чароўную адзнаку жаноцкасцi. Ды i той лапiчак нясцiплы вецер, гарэзлiва дурэючы, то прыўзнiмаў, ажно вiднелася раздвоеная кветка юнацтва, то, дзьмучы мацней, шчыльна прыцiскаў, i тады выразна абрысоўвалiся зваблiвыя формы.

Колеры ў аблiччы багiнi былi розныя, белае цела абазначала, што з неба спускаецца, а блакiтнае пакрывала значыла, што вяртаецца ў мора. За кожнай дзевай, якiя прадстаўлялi багiняў, iдзе свая свiта, за Юнонай — Кастар i Палукс з яйкападобнымi шлемамi на галовах, упрыгожанымi зоркамi. Гэтыя блiзняты таксама былi маладымi акцёрамi. Пад гукi розных мелодыяў, iграных на флейце на iёнскi лад, дзяўчына наблiжалася паважна i цiха i высакароднымi жэстамi дала зразумець пастуху, што калi ён прысудзiць ёй узнагароду за прыгажосць, дык аддасць яму валадарства над усёй Азiяй.

За той, якую ваяўнiчыя даспехi ператварылi ў Мiнерву, iшла варта з двух юнакоў-збраяносцаў ваяўнiчай багiнi — Страх i Жудасць. Яны прытанцоўвалi, трымаючы ў руках аголеныя мячы. Ззаду за ёй iшоў фляйцiст, якi выконваў дарыйскую баявую мелодыю, i, чаргуючы нiзкiя гукi са свiстам высокiх тонаў, наследаваў сваiм iграннем трубу, якая пабуджала да жывога танца. Патрасаючы нецярплiва галавой, яна выразнымi жэстамi, рэзкiмi i хуткiмi, паказала Парысу, што калi яе ён зробiць пераможцай у гэтым спаборнiцтве прыгажунь, дык стане героем i знакамiтым заваёўнiкам.

32. А вось Венера, суправаджаная захопленымi крыкамi натоўпу, акружаная роем гарэзлiвых малых, ветлiва ўсмiхаючыся, спынiлася ў цудоўнай позе пасярод сцэны. Можна было падумаць, што гэтыя круглатварыя i малочна-белыя хлопчыкi сапраўды з'явiлiся з неба або з мора. Сваiмi крылцамi i стрэламi i наогул усiм сваiм выглядам яны вельмi напамiналi купiдонаў. У iх руках ярка гарэлi факелы, быццам яны асвятлялi сваёй панi шлях на нейкi вясельны банкет. Тут жа збягаюцца чароды цудоўна-цнатлiвых дзяўчатак, адгэтуль — сама зграбныя Грацыi, адтуль Оры найпрыгажэйшыя кiдаюць кветкi i гiрлянды, сплятаюць сваёй багiнi мiлы карагод, ушаноўваючы паню асалод кучарамi вясны. А флейты з многiмi адтулiнамi квола гучаць лiдыйскiмi напевамi.