Читать «Метамарфозы, цi Залаты асёл» онлайн - страница 118

Апулей

А лекарыха, як толькi адчула, што страшны напiтак пачаў разыходзiцца па лёгкiх, усчынаючы ў iх згубнае дзеянне, адразу зразумела, у чым тут справа. Калi ж трохi пазней цяжкае дыханне пацвердзiла яе падазрэнне, яна спяшаецца ў дом намеснiка i моцным крыкам просiць у яго дапамогi. У акружэннi ўсхваляванага натоўпу яна абяцае раскрыць страшныя злачынствы i дабiваецца таго, што перад ёй адчыняюцца дзверы дома i ўважлiвы слых намеснiка.

Ледзь толькi яна расказала падрабязна пра ўсе жудасцi азвярэлай жанчыны, як раптам пацямнела ў яе ў вачах, губы сцялiся, зубы заскрыгаталi, i яна звалiлася пад ногi намеснiку. Гэты муж, чалавек бывалы, не дапусцiў замаруджвання ў пакараннi за такiя шматлiкiя злачынствы гэтай ядавiтай яхiдны. Схапiўшы прыслужнiц жанчыны, ён мукамi дабiўся ад iх праўдзiвых паказанняў i прыгаварыў яе на разарванне дзiкiм звярам. Кару гэту ён налажыў не дзеля таго, што злачынка не заслугоўвала яшчэ большай, а таму, што iншай не змог прыдумаць.

29. Будучы прыгавораным публiчна спалучыцца з такой жанчынай, я з вялiкай трывогай чакаў пачатку ўрачыстасцi, не раз адчуваючы жаданне лепш закончыць самагубствам, чым заплямiць сябе дотыкам да такой злачыннiцы i быць выстаўленым на ганьбу перад усiм народам. Ды пазбаўлены чалавечых рук, пазбаўлены пальцаў, не мог я круглымi куксамi сваiх капытоў ухапiць меч. У безданi бедаў, што навалiлiся на мяне, свяцiла яшчэ мне маленькая надзея, што вясна, якая якраз пачынаецца, упрыгожыўшы кветкамi наваколле, акрые пурпуровым ззяннем лугi, i хутка, парваўшы сваю пакрытую шыпамi кару, разлiваючы духмянасць, пакажуцца ружы, якiя зноў ператвораць мяне ў Луцыя.

Вось i настаў дзень, прызначаны для адкрыцця гульняў. Мяне вядуць з вялiкай напышлiвасцю пад воплескi натоўпу, якi суправаджаў мяне да самага цырка. У чаканнi, пакуль закончыцца першы нумар гэтай праграмы, у якiм выступалi танцоры, мяне паставiлi побач з агароджай, i я з апетытам скуб вясёлую травiцу, што расла каля ўвахода, ад часу да часу кiдаючы цiкавым вокам у адчыненыя дзверы, i цешыў сябе прыемным вiдовiшчам.

Юнакi i дзяўчаты, ззяючы першым цвiценнем маладосцi, цудоўныя з выгляду, у шыкоўных касцюмах, з прыгожымi жэстамi пасоўвалiся то ўзад, то ўперад, выконваючы грэчаскi пiрыйскi танец. Яны то спляталiся цудоўнымi карагодамi ў поўны круг, то сыходзiлiся пакручастай стужкай, то аб'ядноўвалiся ў квадрат, то рассыпалiся асобнымi групамi. Ды гук трубы паклаў нарэшце канец гэтым складаным зблiжэнням i разыходжанням. Апусцiлася галоўная завеса, складзены шырмы, i вачам гледачоў адкрываецца сцэна.

30. На сцэне ўмельствам мастака была збудавана драўляная гара на падабенства той Iдэйскай гары, якую апяваў вешчы Гамер. Яна была абсаджана жывымi зялёнымi дрэвамi, а змайстраваная рукамi будаўнiка на самай вяршынi крынiца сцякала струмянямi са скальных адхонаў. Некалькi козак скубла травiцу, i юнак, апрануты па фрыгiйскай модзе ў прыгожую верхнюю тунiку i азiяцкi плашч, якi складкамi ападаў з яго плячэй, з залатой тыярай на галаве, увасабляў пастуха, што пiльнаваў статак.