Читать «Метамарфозы, цi Залаты асёл» онлайн - страница 117

Апулей

26. Аднак нахабная жанчына, жадаючы пазбавiцца ад сведкi свайго злачынства i пакiнуць сабе абяцаныя лекару грошы, убачыўшы, што ён падае чару, кажа: "Але, шаноўны пане доктар, перш чым дасi майму дарагому мужу гэты напiтак, сам адап'еш частку. Адкуль я ведаю, можа, там падмяшана якая-небудзь атрута? Мудрага i вучонага мужа не можа абразiць, што я, адданая жонка, клапачуся пра яго выздараўленне".

Гэтая нахабнасць i бесчалавечнасць жанчыны была для лекара такой нечаканасцю, што ён, збянтэжаны, страцiўшы самавалоданне i не маючы часу на абдумванне сiтуацыi, баючыся, што найменшае хiстанне можа даць падставу для падазрэнняў, адпiвае з чары значны глыток.

Убачыўшы, якi ход прымае справа, лекар хацеў хутчэй падацца дамоў, каб паспець прыняць якое-небудзь супрацьяддзе i абясшкодзiць атруту. Але бесчалавечная жанчына ўпорыста старалася давесцi да канца распачатую справу i не адпускала яго нi на крок. "Пакуль, — казала, — не ўбачым гаючай дзейнасцi гэтай мiкстуры". I толькi калi ён надакучыў ёй бясконцымi мольбамi i просьбамi, дазволiла яму пайсцi. А ў гэтым часе стоеная смерць, абпальваючы ўсе вантробы, пранiкала ўсё глыбей i дабiралася да самага сэрца. Зусiм хворы, знемагаючы ад цяжкай санлiвасцi, ледзь дабраўся ён дахаты. Толькi паспеўшы расказаць пра ўсё жонцы, даручыўшы забраць хоць абяцаную плату за гэту двайную смерць, слаўны лекар у цяжкiх пакутах памiрае.

27. Малады чалавек таксама хутка памёр i, праводжаны iлжывым, прыкiдлiвым плачам жонкi, быў пахаваны.

Пасля паховiн, пачакаўшы некалькi дзён, патрэбных на выкананне абрадаў, з'яўляецца лекарава жонка i патрабуе платы за двайное забойства. Жанчына застаецца вернай сабе, патаптаўшы ўсе законы сумленнасцi, яна захоўвае яе выгляд. Адказвае вельмi ветлiва, дае шчодрыя i шырокiя абяцаннi, запэўнiвае, што неадкладна выплацiць належную суму, але дадае, што ёй хацелася б атрымаць яшчэ трохi таго леку, каб закончыць пачатую справу. Што доўга казаць? Лекарава жонка, заблытаўшыся ў цянётах подлага каварства, хутка згаджаецца i, жадаючы дагадзiць багатай жанчыне, паспешлiва вяртаецца дамоў i неўзабаве ўручае ўсю скрынку з атрутай.

А тая, атрымаўшы такi магутны сродак для здзяйснення злачынстваў, далёка прасцiрае свае крывавыя рукi.

28. Ад нядаўна забiтага ёю мужа была ў яе маленькая дачка. Цяжка было ёй сцярпець, што паводле закону частка бацькавай маёмасцi пераходзiць на карысць дзiцяцi, дык, паквапiўшыся на ўсю спадчыну, яна вырашыла зрабiць замах на жыццё дачкi. Ведаючы, што пасля смерцi дзяцей спадчыну па iх атрымлiваюць нават злачынныя мацi, гэтая настолькi паважаная мацi, як i верная жонка, не доўга думаючы, рыхтуе снеданне, на якое запрашае жонку лекара, i разам са сваёй малой дачушкай губiць яе той самай атрутай. З малой, у якой дыханне было слабое i далiкатнае нутро, яд спраўляецца хутка.