Читать «Метамарфозы, цi Залаты асёл» онлайн - страница 116

Апулей

24. Аднак уся гэта прыгожая i добрая справа, зробленая з усёй сумленнасцю i справядлiвасцю, не схавалася ад злавеснай волi лёсу, падбухторваннем якога ў доме маладога чалавека пасялiўся Разлад. Праз нейкi час ягонаяi жонка, тая, што асуджана на корм звярам, пачала спачатку падазраваць дзяўчыну ў тым, што яна яе сапернiца i наложнiца мужа, пасля зненавiдзела яе i рыхтавала загубу, робячы сама жудасныя падкопы. Вось якое прыдумвае яна зладзейства.

Выкраўшы ў мужа пярсцёнак i выехаўшы за горад, яна выпраўляе адданага свайго слугу-нявольнiка, якi ў сваёй вернасцi быў гатоў на ўсё найгоршае, каб ён паведамiў маладой жанчыне, быццам юнак, прыехаўшы ў памесце, выклiкае яе да сябе, дадаўшы, каб з'явiлася адна, без сведкаў, i прытым як найхутчэй. Для пацвярджэння гэтых слоў ён перадае ёй пярсцёнак. А тая, паслухмяная загаду брата (яна адна толькi ведала, што можа называць яго гэтым iмем), глянуўшы на яго пячатку, адразу пускаецца ў дарогу зусiм адна, як ёй было сказана. Аднак, подла ашуканая, не прадбачыла пасткi i трапiла ў цянёты каварства.

Тут гэта шаноўная жонка, ахопленая шалёнай рэўнасцю, перш за ўсё раздзяе дагала сястру свайго мужа i па-зверску яе лупцуе, а пасля, калi тая з лямантам тлумачыць, якiя сапраўды справы, i, без канца паўтараючы iмя брата, тлумачыць, што залоўка гарачыцца беспадстаўна, тая не верыць нi аднаму яе слову. Яна лiчыць усе апраўданнi выдумкай i, усунуўшы няшчаснай памiж бёдраў гарачую галавешку, даводзiць яе да смерцi.

25. Даведаўшыся аб гэтай жудаснай трагедыi, прыбягаюць брат i муж памерлай i, аплакаўшы яе, з горкiм галашэннем нясуць у магiлу.

Але малады чалавек не мог спакойна перанесцi гэтакай страшнай i зусiм не заслужанай смерцi сваёй сястры, надзвычай усхваляваны горам, ён захварэў на разлiццё жоўцi, пачаў гарэць ад высокай тэмпературы, так што яму самому аказалася неабходная дапамога. А яго жонка, якая, праўду кажучы, даўно страцiла права на гэта iмя, згаворваецца з адным лекарам, вядомым сваiм вераломствам, якi даўно здабыў славу шматлiкiмi перамогамi ў смяротных баях i мог бы саставiць доўгi спiс сваiх ахвяр. Яна абяцае яму пяцьдзесят тысяч сестэрцыяў, калi ён дасць ёй якой-небудзь моцнадзейнай атруты, i купляе смерць мужу. Згаварыўшыся, яны робяць выгляд, быццам рыхтуюць вядомы напiтак для аблягчэння болю ў грудзях i вывядзення жоўцi. Гэта лякарства вучоныя называюць свяшчэнным, але замест яго яны падсоўваюць iншае, свяшчэннае толькi хiба ў вачах Празерпiны. Вось сабралiся ўсе хатнiя i некаторыя з сяброў i блiзкiх, i лекар, размешваючы зелле, сам падае хвораму келiх.