Читать «Метамарфозы, цi Залаты асёл» онлайн - страница 114

Апулей

Клапоцячыся аб сваёй славе i папулярнасцi, ён падаўся ў Фесалiю закупiць найлепшых звяроў i знакамiтых гладыятараў.

Выбраўшы ўсё на свой густ, накiраваўся ў зваротнае падарожжа. Аднак ён не захацеў карыстацца нi сваiмi багатымi каляснiцамi, нi прыгожымi адкрытымi i закрытымi павозкамi, што пустыя цягнулiся ў канцы абозу, не захацеў нават ехаць на фесалiйскiх скакунах i на iншых сваiх верхавых конях, гальскiх жарабцах, патомства якiх цэнiцца вельмi высока. Упрыгожыўшы мяне залатымi фалерамi, каляровым чапраком, пурпурнай папонай, сярэбранай вуздэчкай, вышытай падпругай i галасiстымi званочкамi, сеў на мяне. Едучы, ён ласкава прыгаворваў, што найбольшую прыемнасць прыносiць яму тая акалiчнасць, што я магу яго везцi i дзялiць з iм застолле.

19. Калi, закончыўшы, часткова па сушы, часткова па моры, сваё падарожжа, мы прыбылi ў Карынф, дык натоўпы гараджан пачалi збiрацца, як мне здалося, не столькi дзеля таго, каб ушанаваць Тыяза, колькi з жадання падзiвiцца на мяне.

Дзеля таго, што аж сюды дайшла пагалоска пра мяне, я аказаўся для свайго наглядчыка крынiцай немалога даходу. Ён, як заўважыў, што шмат людзей вельмi хоча падзiвiцца на мае штукi, запёр дзверы i пачаў упускаць iх па адным за грошы, заграбаючы штодня немалую суму.

Здарылася так, што ў натоўпе зацiкаўленых была адна знакамiтая матрона. Заплацiўшы, як i iншыя, за ўваход i налюбаваўшыся рознымi маiмi штукарствамi, яна паступова перайшла ад здзiўлення да незвычайнай пажадлiвасцi i, не знаходзячы супакаення сваёй неразумнай немачы, горача пажадала маiх абдымкаў, як аслiная Пасiфея. За значную ўзнагароду яна згаварылася з маiм вартаўнiком i атрымала дазвол правесцi са мной адну ноч. Ён згадзiўся, думаючы не пра тое, якую прыемнасць можа яна ад мяне атрымаць, а пра сваю карысць.

20. Папалуднаваўшы, мы перайшлi з гаспадарскай сталовай у маё памяшканне, дзе засталi матрону, якая ўжо даўно мяне чакала. Добрыя багi! Якая ж цудоўная была зроблена падрыхтоўка! Тут жа чатыры еўнухi раскладваюць нам на ложа мноства пышна ўзбiтых невялiкiх падушачак з далiкатнага пуху, старанна рассцiлаюць залатое пакрывала, упрыгожанае пурпурам, а па iм раскiдаюць iншыя падушачкi, маленькiя, надзвычай мяккiя i ў вялiкай колькасцi. Звычайна любяць iх жанчыны распешчаныя падкладваць сабе пад шчокi цi пад патылiцу.

Каб сваёй доўгай прысутнасцю не скарачаць хвiлiн панiнай асалоды, яны хутка замыкаюць дзверы i адыходзяць. А ўнутры ясны свет блiскучых свечак разганяў для нас начны змрок.

21. Тады яна, скiнуўшы ўсё адзенне, распусцiўшы нават стужку, якая падтрымвала яе цудоўныя грудзi, становiцца блiжэй да святла i нацiраецца з алавянай скрыначкi духмянай памадай, а пасля намасцiла й мяне па ўсiх месцах, нацёрла нават ноздры… Пасля гэтага моцна мяне пацалавала, не так, як звычайна ў публiчным доме цалуе карыслiвая дзеўка скупога госця, а ад чыстага сэрца, прыгаворваючы: "Люблю, хачу, адзiн ты мне мiлы, не магу без цябе жыць" i iншае, чым жанчыны выказваюць свае пачуццi i будзяць у партнёраў пажадлiвасць. Затым, узяўшы мяне за вуздэчку, без цяжкасцi прымушае легчы, як я быў ужо прывучаны. Я не думаў, што мне прыйдзецца рабiць нешта цяжкае i непрывычнае, тым больш пры сустрэчы пасля такога доўгага ўстрымання з такой прыгожай i палкай жанчынай. Да таго ж i цудоўнае вiно, выпiтае ў значнай колькасцi, ударыла мне ў галаву, i палымяная мазь пабуджала маю сладастраснасць.