Читать «Метамарфозы, цi Залаты асёл» онлайн - страница 107

Апулей

3. Нарэшце, даведзеная невыносным пачуццём да страшэннага ўзбуджэння, парушае захованую да таго часу маўклiвасць i загадвае паклiкаць да сябе сына. З якой радасцю пазбавiла б яна яго гэтага звання, каб, успамiнаючы пра ганьбу, не прыйшлося чырванець! Малады чалавек неадкладна выконвае волю мачыхi i, па-старэчы наморшчыўшы лоб, iдзе ў яе спальню, выказваючы належную паслухмянасць жонцы свайго бацькi i братавай мацi. А тая, стомленая доўгiм маўчаннем, i цяпер марудзiць, быццам сеўшы на мель сумнення. Яшчэ не зусiм страчаны сорам не дае ёй вымавiць нi аднаго слова з тых, якiя яна лiчыла найбольш для пачатку размовы адпаведнымi. А юнак, усё яшчэ не падазраючы нiчога благога, апусцiўшы вочы, сам ветлiва пытаецца аб прычыне яе хваробы. Тады яна, выкарыстаўшы iхнюю сустрэчу сам-насам, набралася адвагi i, залiваючыся слязьмi, закрыўшы твар крысом адзення, кажа яму дрыготкiм голасам:

"Уся прычына i ўся крынiца маiх цяперашнiх пакут i адначасова лякарства i адзiнае маё збаўленне — гэта ты!..

Твае вочы пранiклi ў мае вочы да глыбiнi душы i распалiлi ў маiм сэрцы жудасны пажар. Злiтуйся над той, якая праз цябе гiне! Няхай не бянтэжыць цябе пашана да бацькi, ты захаваеш жыццё яго жонкi, якая цвёрда вырашыла памерцi. У тваiм аблiччы прызнаўшы ягоны вобраз, я па закону кахаю цябе. Даверся мне! Мы адны, i часу, каб усё зрабiць, дастаткова. Тое, пра што нiхто не ведае, амаль зусiм не iснуе".

4. Гэта нечаканая прапанова збянтэжыла маладога чалавека, аднак, хоць у першую хвiлiну яго апанаваў жах ад такога ганебнага ўчынку, ён вырашыў не даводзiць мачыхi суровай адмовай да адчаю, а супакоiць яе асцярожнай прапановай адтэрмiноўкi. Ён ветлiва абяцае ёй, аднак горача ўгаворвае сабрацца з духам, ачуняць, памацнець, пакуль якая-небудзь бацькава адлучка не дасць iм магчымасцi заспакоiць гарачае пачуццё. I, пазбягаючы далейшай небяспечнай размовы, хутка пакiдае спальню мачыхi. Разумеючы, што такая сямейная бяда заслугоўвае стараннага абмеркавання, ён накiроўваецца да свайго старога выхавацеля, паважанага i разумнага чалавека.

Пасля доўгага абмеркавання справы яны вырашылi, што яму трэба чым хутчэй уцякаць ад буры, выклiканай жаночым намерам.

Але жанчына, не могучы выцерпець нават найменшай адтэрмiноўкi, прыдумала зачэпку i надзiва спрытна ўгаварыла мужа неадкладна адправiцца ў сваю найдалейшую вотчыну. Пасля гэтага, ап'янелая ад блiзкай да здзяйснення надзеi, яна патрабуе, каб юнак, як абяцаў, прыйшоў да яе i даў доказ свайго палкага пачуцця.