Читать «Метамарфозы, цi Залаты асёл» онлайн - страница 105

Апулей

А той, апынуўшыся на зямлi, не мог адбiвацца цi нават баранiцца, а толькi няспынна пагражаў, што як устане, дык пасячэ яго мячом на кавалкi. Агароднiк не прапусцiў пагрозы мiма вушэй, а адабраўшы i адкiнуўшы чым далей ягоны шырокi меч, зноў нападае на яго i дубасiць яшчэ мацней.

Салдат, лежачы дагары i знясiлеўшы ад пабояў, не бачыць iншага выйсця, як прыкiнуцца мёртвым. Тады агароднiк, захапiўшы з сабой меч, ускоквае на мяне i хуткiм крокам накiроўваецца проста ў горад, не заязджаючы нават у свой агарод.

Там спыняецца ў свайго сябра i расказвае яму ўсю гiсторыю. Адначасова просiць аказаць яму ў такiх жудасных умовах дапамогу — схаваць на некалькi дзён яго i асла, каб прабыць у схове, пакуль мiне небяспека судовага праследавання, якое пагражае яму пакараннем смерцю. Той не забыўся даўняга сяброўства i ахвотна згадзiўся яму памагчы. Мне падагнулi ногi i зацягнулi па драбiне на другi паверх, а сам агароднiк нанiзе ў будане запоўз у нейкi кош i схаваўся там, прыкрыўшыся зверху матай.

41. Тым часам салдат, як я пасля даведаўся, падняўся быццам з вялiкага пахмелля i, кiваючыся, пакутуючы ад мноства ран i апiраючыся на палку, накiраваўся ў горад. Саромеючыся сваёй няўдачы, ён нiкому не расказаў пра здарэнне, моўчкi праглынуў сваю крыўду, але, спаткаўшы нейкiх сваiх сяброў, паведамiў iм аб сваёй бядзе. Супольна ўрадзiлi яны, што пацярпелы будзе нейкi час хавацца ў казармах, бо апроч асабiстай абразы ён баяўся яшчэ адказнасцi за страту мяча, за абразу Генiя, якому ён складаў прысягу. А сябры, распытаўшы пра нашы прыкметы, прыклалi ўсе намаганнi, каб адшукаць нас i расплацiцца. Вядома, сярод суседзяў знайшоўся здраднiк, якi нас выдаў i паказаў, дзе мы знаходзiмся. Тады салдатавы сябры звярнулiся да ўладаў i зрабiлi iлжывую заяву, быццам яны страцiлi на дарозе вельмi дарагi сярэбраны келiх свайго начальнiка, а нейкi агароднiк яго знайшоў i не хоча аддаць, а хаваецца ён у свайго блiзкага знаёмага.

На гэтай падставе чыноўнiкi, разведаўшы ўсё пра нас, прыйшлi да варот нашага сховiшча i голасна пачалi патрабаваць ад гаспадара, каб ён нас, якiх перахоўвае ў сябе, а ў гэтым няма нiякага сумнення, выдаў, бо iнакш уся вiна абрынецца на яго ўласную галаву. А той, зусiм не спалохаўшыся i стараючыся ўратаваць таго, хто яму даверыўся, нi ў чым не прызнаецца i кажа, што ўжо некалькi дзён не бачыў таго агароднiка ў вочы. А салдаты рашуча даказвалi, кленучыся Генiем iмператара, што вiноўнiк хаваецца тут, а не ў iншым месцы. Нарэшце ўлады вырашылi зрабiць у чалавека, якi рашуча адпiраўся, вобыск. Выпраўленым з гэтай мэтай лiктарам i iншым урадоўцам было загадана абшнарыць усе куткi. А тыя пасля вобыску дакладваюць, што нi жувой душы i нiякага асла яны ў доме не знайшлi.