Читать «Метамарфозы, цi Залаты асёл» онлайн - страница 109

Апулей

Тым часам улады зразумелi, якая небяспека пагражае iм самiм, калi слабыя iскры абурэння выклiчуць крушэнне грамадскага парадку i мяцеж. Яны ўгаворваюць дэкурыёнаў не спяшацца, уцiхамiрваюць натоўп i дабiваюцца таго, каб судаводства праходзiла належным чынам i паводле звычаю продкаў, каб прыгавор быў вынесены юрыдычна правiльна.

Павiнны быць выслуханы абодва бакi, нi адзiн чалавек не можа быць асуджаны так, як у варварскiх краiнах, дзе пануюць лютасць i тыранская самаволя, без прыняцця пад увагу яго выказвання. Нельга даць прыкладу будучым стагоддзям такой дзiкай з'явай у мiрны час.

7. Разумная думка перамагла, i зараз жа было загадана вяшчальнiку, каб ён склiкаў сенатараў i курыю. Калi яны занялi свае месцы паводле чыну i звычаю, зноў праносiцца голас вяшчальнiка, i першы выступае абвiнаваўца. Тут жа выклiкалi i ўвялi абвiнавачанага, i, паводле закону Атыкi i Марсавага судзiлiшча, вяшчальнiк аб'яўляе абаронцам, каб яны паўстрымалiся ад выступленняў i не заклiкалi да лiтасцi.

Пра ўсё гэта я даведаўся з гутарак, якiя людзi вялi памiж сабой. Аднак у якiх выразах нападаў абвiнаваўца, што гаварыў у сваё апраўданне абвiнавачаны i, наогул, якiя былi спрэчкi бакоў, я звестак не маю, бо сам там не быў, а стаяў у загародцы, дык чаго не ведаю, таго сказаць не магу. Запiсваю толькi тое, што мне добра вядома. Пасля таго як закончылася першая дыскусiя юрыстаў, было вырашана, што справядлiвасць абвiнавачання павiнна быць пацверджана цвёрдымi доказамi i што недапушчальна грунтаваць вырашэнне такой важнай справы на адных падазрэннях. Дзеля гэтага неабходна выклiкаць таго нявольнiка, якi адзiн толькi напэўна ведае, як усё адбывалася. А гэты падлюга анi не быў збянтэжаны нi сумненнямi ў ходзе гэтай справы, нi вiдам сената ў поўным зборы, нi нават папрокам нячыстага сумлення. Ён пачаў плесцi свае выдумкi, нiбы чыстую праўду.

Ён казаў, што яго паклiкаў да сябе малады чалавек, абураны непрыступнасцю сваёй мачыхi, i, каб адпомсцiць за абразу, даручыў яму забiць яе сына, паабяцаўшы шчодра за гэта заплацiць, а ў выпадку адмовы пагражаў смерцю. Юнак перадаў яму падрыхтаваны кубак, а пасля забраў, баючыся, каб ён, не выканаўшы даручэння, не пакiнуў пасудзiну як рэчавы доказ, i пасля даў хлапчуку атруту сам. Усё, што з напускным дрыжаннем гаварыў гэты злыдзень, было надзiва падобнае на праўду, i пасля яго паказання судовы разбор закончыўся.

8. Не было мiж дэкурыёнаў нi аднаго, хто б застаўся прыхiльным да маладога чалавека. Было ясна, што злачынства даказана i прыгавор можа быць толькi адзiн: зашыць у мех. Ужо заставалася сенатарам паводле старадаўнага звычаю апусцiць у урну свае аднолькавыя рашэннi, бо кожны напiсаў тое самае. А калi галасы сабраныя — лёс падсуднага вырашаны, нiчога змянiць нельга, i ўлада над яго жыццём перадаецца ў рукi ката.

I раптам адзiн са старэйшых сенатараў, лекар, чалавек праверанай справядлiвасцi, якi карыстаўся вялiкiм уплывам, закрыў рукой адтулiну урны, каб хто-небудзь не падаў неразважлiва свайго прысуду, i звярнуўся да сената з такой прамовай: