Читать «Метамарфозы, цi Залаты асёл» онлайн - страница 108

Апулей

А малады чалавек пад рознымi прычынамi пачаў ухiляцца ад гэтай гнюснай сустрэчы.

Тады яна, зразумеўшы з яго няпэўных адказаў, што абяцанага не атрымае, iмклiва змянiла сваё злачыннае каханне ў вельмi небяспечную нянавiсць. Бярэ сабе ў хаўруснiкi паганага нявольнiка, якога атрымала некалi з пасагам, гатовага на ўсякую брудную справу, i адкрывае яму свае вераломныя планы. Яны не прыдумалi нiчога лепшага, чым загубiць беднага юнака. I вось гэты падлюга быў зараз жа пасланы на здабычу моцнай атруты, пасля чаго, падлiўшы смяротнага зелля ў вiно, мачыха рыхтуе бязвiннаму пасынку загубу.

5. Пакуль зладзюгi радзiлiся, калi i як паднесцi атруту, здарылася, што меншы хлопчык, родны сын гэтай нягоднай жанчыны, вярнуўшыся пасля ранiшнiх заняткаў дамоў i паснедаўшы, захацеў пiць. Ён знайшоў келiх з вiном i, не ведаючы пра атруту, якая ў iм была, залпам выпiў. I як толькi выпiў ён смяротны, падрыхтаваны брату, напiтак, адразу валiцца без духу на зямлю, а дзядзька, уражаны раптоўнай смерцю хлапчука, пачынае крычаць i клiкаць мацi i ўсiх хатнiх.

Хутка ўцямiлi ўсе, што хлопчык загiнуў ад яду, i вось пачалi снаваць розныя здагадкi, хто б мог зрабiць такое мярзотнае злачынства. Але гэта жорсткая жанчына, рэдкi прыклад вераломства мачыхi, не ўзрушылася нi лютай смерцю сына, нi сваiм нячыстым сумленнем, нi няшчасцем усяго дому, нi скрухай мужа, нi нават жалобай пахавання. Яна выкарыстала сямейнае гора як вельмi зручны выпадак для помсты. Неадкладна выпраўляе наўздагон за мужам, якi быў у дарозе, каб паведамiць яму пра бяду, што ўварвалася ў iхнi дом.

I не паспеў ён вярнуцца, як яна, набраўшыся небывалага нахабства, пачынае абвiнавачваць пасынка ў тым, што ён атруцiў яе сына. У сцвярджэннi гэтым была доля праўды, бо хлопчык папярэдзiў сваёй пагiбеллю тую смерць, якая прызначалася маладому чалавеку. А мачыха даказвала, нiбыта пасынак пайшоў на злачынства i загубiў малодшага брата за тое, што яна не згадзiлася на гнюснае сужыццё, да якога ён яе змушаў. Не спыняючыся на гэтай подлай iлжы, яна дабавiла, што ён пагражаў ёй мячом за тое, што яна выкрыла яго злачынства. Няшчасны муж, прыгнечаны стратай абодвух сыноў, быў зламаны цяжарам бедаў, якiя на яго навалiлiся. Ён бачыў на смяротным ложы цела малодшага сына i ведаў, што за кровазмяшэнне i забойства смяротны прыгавор пагражае i старэйшаму. А да таго крывадушны лямант вельмi каханай жонкi абуджаў у iм лютую нянавiсць да роднага сына.

6. Ледзь толькi закончылiся пахавальнае шэсце i абрады над целам яго сына, проста ад магiлы хлапчука няшчасны стары са слязамi на вачах i пасыпаючы попелам сiвыя валасы паспешлiва iдзе на гарадскую плошчу. Не ведаючы пра ашуканства нягоднай жонкi, ён плача i молiць, прыпадае нават да каленяў дэкурыёнаў, дамагаючыся асуджэння сына, якi апаганiў бацькоўскае ложа, забойцу роднага брата, злодзея, якi зрабiў замах на жыццё сваёй мачыхi. У сваёй скрусе ён выклiкаў такое спачуванне i абурэнне ў сенаце i нават у натоўпе, што ўсе выказвалiся за тое, каб, адкiнуўшы судовую валакiту, пагрэбаваўшы строгiм доказам абвiнавачання i зараней падрыхтаванымi выкрутамi абароны, тут, на месцы, зрабiць смерць укаменаваннем гэтай язвы на здаровым грамадскiм целе.