Читать «Метамарфозы, цi Залаты асёл» онлайн - страница 103

Апулей

Селянiн быў чалавекам сцiплым, але, калi прагавiтасць багацея пазбавiла яго ўсёй маёмасцi, ён, жадаючы хоць бы мець месца для магiлы на родным полi, у вялiкiм страху паклiкаў сваiх сяброў у сведкi па справе размежавання зямлi. Сярод iншых прыйшлi i гэтыя тры браты, каб хоць чым-небудзь дапамагчы сябру ў яго бядзе.

36. Але той шаленец зусiм не спалохаўся i нават не збянтэжыўся, убачыўшы гэтулькi грамадзян, i не толькi не адмовiўся ад сваiх разбойнiцкiх намераў, а нават не пажадаў спынiць свой язык.

Калi тыя спакойна выказалi сваё жаданне i мiрнымi словамi старалiся змякчыць яго гвалтоўны нораў, ён клянецца ўсiмi багамi i жыццём дарагiх яму асоб, што яму няма нiякай справы да прысутнасцi гэтулькiх пасрэднiкаў, а свайго суседа загадвае нявольнiкам узяць за вушы i як найдалей выкiнуць з ягонай халупы.

Гэтыя словы вельмi абурылi ўсiх прысутных. Адзiн з братоў адказаў яму, што дарма, спадзеючыся на свае багаццi, пагражае ён з такой тыранскай пыхай, бо i бедакi знаходзяць абарону ў справядлiвых законах. Яго словы аказалiся для гэтага шалёнага чалавека як алей для полымя, серка для агню, бiч для фурыяў. Дайшоўшы да апошняй ступенi вар'яцтва, ён закрычаў, што загадае павесiць усiх сабраных i разам з iмi ўсе законы. I тут жа загадаў спусцiць з ланцугоў велiчэзных, кормленых падлай аўчарак, якiя не раз нападалi на падарожных, i пусцiць iх на сабраных.

Як толькi пачулi сабакi прывычнае цкаванне пастухоў, раз'юшана, азвярэла, з хрыпатым брэхам кiдаюцца на людзей i рвуць iх на кавалкi, наносячы крывавыя раны, не мiлуючы i тых, хто ратуецца ўцёкамi, а наадварот, праследуюць iх з яшчэ большым шаленствам.

37. У самай сярэдзiне перапалоханага натоўпу малодшы з трох братоў, спатыкнуўшыся аб камень, збiўшы пальцы ног, падае на зямлю i становiцца ахвярай раз'юшанай зграi. Убачыўшы здабычу, яны ўмомант расшкуматалi няшчаснага юнака. Браты, пачуўшы яго перадсмяротныя енкi, кiнулiся яму на ратунак i, закруцiўшы левую руку крысом плашча, старалiся каменнем адбiць брата ў сабак i адагнаць iх. Але нi суцiшыць раз'юшаных сабак, нi разагнаць iх iм не ўдалося, i няшчасны юнак, крыкнуўшы напаследак братам, каб яны адпомсцiлi багацею за яго смерць, гiне, разарваны на кавалкi. I браты, што засталiся жывыя, клянуцца Геркулесам, не столькi зняверыўшыся ў сваiм выратаваннi, колькi не дбаючы аб iм, кiдаюцца на багацея ў палкiм безразважным парыве i абсыпаюць яго каменнямi. Але гэты крыважэрны разбойнiк, якi i раней нарабiў нямала злачынстваў, ударам дзiды ўсярэдзiну грудзей прабiвае аднаго з братоў наскрозь. Аднак малады чалавек не падае на зямлю, бо кап'ё, прабiўшы яго i выйшаўшы праз спiну, уваткнулася ў зямлю i, закалыхаўшыся, затрымала цела ў паветры. Высокi i дужы нявольнiк прыскочыў забойцу на дапамогу i, размахнуўшыся, запусцiў у трэцяга юнака каменем, аднак камень закрануў яму толькi пальцы i ўпаў, не зрабiўшы нiякай шкоды.