Читать «Метамарфозы, цi Залаты асёл» онлайн - страница 101

Апулей

30. Аднак ты, прыдзiрлiвы чытач, можаш спынiць маё апавяданне i запытацца: "Адкуль жа ты, хiтры вослiк, не выходзячы за тэрыторыю млына, мог даведацца, што прыдумвалi злачынныя бабы?" Дык вось паслухай, якiм спосабам i пад постаццю ўючнай жывёлiны, застаючыся дапытлiвым чалавекам, я даведаўся, што рыхтуецца на пагiбель майму гаспадару млынару. Апоўднi з'явiлася ў млыне нейкая жанчына. Была яна босая, жоўта-бледная, худая, прыкрытая нейкiм лахманом. Твар яе быў амаль цалкам закрыты абвiслымi валасамi, сiвымi, бруднымi ад попелу, якiм яны былi абсыпаныя. Рысы яе твару былi знявечаны слядамi злачынстваў i незвычайнай тугой. З'явiўшыся ў такiм выглядзе, яна цiхенька кладзе млынару на плячо руку, быццам хоча з iм пагаварыць, заводзiць яго ў спальню i, запёршы дзверы, застаецца там доўгi час.

А работнiкi, змалоўшы зерне, якое было ў iх пад рукамi, пайшлi ў пакой да гаспадара i пачалi яго клiкаць, каб выдаў яшчэ збожжа. Некалькi разоў гучна крычалi, але гаспадар не адгукаўся. Прадчуваючы нейкую бяду, яны пачалi стукаць у дзверы, а пасля нацiснулi на iх мацней i выламалi. Нiякай жанчыны там не аказалася, а на бэльцы вiсеў ужо без духу з пятлёй на шыi iхнi гаспадар.

Яны знялi яго, выняўшы з пятлi, i з плачам абмылi цела. А пасля, выканаўшы хаўтурныя абрады, у суправаджэннi вялiкага натоўпу пахавалi.

31. На другi дзень паспешлiва прыбывае з суседняга сяла, куды нядаўна выйшла замуж, яго дачка ўся ў жалобе, iрвучы на сабе распушчаныя валасы i б'ючы сябе кулакамi ў грудзi.

Яна ўсё ведала пра няшчасце ў бацькоўскiм доме, хоць нiхто ёй пра гэта не паведамляў. У сне з'явiўся перад ёй цень бацькi з пятлёю на шыi i адкрыў усе зладзействы мачыхi. Расказаў i пра любадзейства, i пра злыя чары, i пра тое, як, загублены прывiдам, закончыў жыццё.

Доўга яна плакала i лямантавала, пакуль жыхары дома не ўгаварылi яе супакоiцца. Выканаўшы на дзевяты дзень законныя абрады, яна прадала з малатка ўсё: нявольнiкаў, хатнiя рэчы, млын i ўючную жывёлу. Такiм чынам, капрызная выпадковасць раскiдала ўсю гаспадарку ў розныя бакi. Мяне купiў нейкi бедны агароднiк за 50 нумаў. Паводле яго слоў, для яго была гэта вялiкая сума, але ён спадзяваўся з маёй дапамогай здабываць сабе сродкi на пражытак.

32. Ход апавядання, я думаю, патрабуе паведамiць, якiя былi мае новыя абавязкi. Кожнай ранiцы гаспадар нагружаў мяне рознай гароднiнай i гнаў у суседняе сяло, пасля, пакiнуўшы свой тавар гандлярам, сядаў мне на спiну i вяртаўся ў свой агарод. Пакуль ён капаў ды палiваў грады i займаўся iншай працай, я адпачываў i цешыўся супакоем.

Але вось разам з правiльным ходам свяцiлаў, чаргаваннем дзён i месяцаў, год, выкрэслiваючы свой круг, пасля багатай вiном, радаснай восенi пачаў хiлiцца ў бок зiмовага iнею Казярога. Увесь час iшоў дождж, начамi росы, а я, стоячы ў стойле пад адкрытым небам, вельмi пакутаваў ад холаду, бо ў майго гаспадара з прычыны крайняй беднасцi не было нi падсцiлу, нi страхi. Жыў ён у будане, складзеным з галля. Апроч таго, ранiцамi даводзiлася мне мясiць голымi нагамi вельмi халодную гразь, наступаючы на калючыя кавалачкi лёду, ды i не мог я напаўняць свой страўнiк звычайнай ежай. У мяне i ў майго гаспадара была адна i тая ж страва. Мы елi стары i нясмачны латук, якi быў пакiнуты на насенне i з-за свайго празмернага ўзросту зрабiўся падобным да венiка з горкiм, брудным i гнiлым сокам.