Читать «Метамарфозы, цi Залаты асёл» онлайн - страница 102

Апулей

33. Аднойчы здарылася, што нейкi паважны чалавек з суседняй мясцовасцi, заблудзiўшыся ў час лiўню цёмнай бязмесячнай ноччу, звярнуў свайго стомленага каня на наш двор. За тое, што быў гасцiнна прыняты i атрымаў хоць не вельмi выгодны, але патрэбны адпачынак, ён захацеў аддзячыць ветлiваму гаспадару i абяцаў даць яму збожжа, алею i нават дзве бiклагi вiна. Мой гаспадар бярэ мех i пусты пасуд i, сеўшы на мяне без сядла, пускаецца ў дарогу за шэсцьдзесят стадыяў. Праехаўшы гэту адлегласць, мы апынулiся ў маёнтку, дзе зараз жа гасцiнны гаспадар запрашае майго гаспадара на шчодрае снеданне. Калi яны занялiся келiхамi, раптам здарыўся сапраўдны цуд: па дварэ бегала, адбiўшыся ад iншых, i кудахтала курыца, як звычайна перад тым, калi збiраецца знесцi яйцо. Глянуўшы на яе, гаспадар кажа: "Верная ты служка i пладавiтая! Ужо колькi часу ты штодзённымi родамi даеш нам харчы. Вiдаць, i цяпер рыхтуеш нам закуску". А пасля крычыць: "Гэй, малы, пастаў, як заўсёды, у куток кошык нясушцы!" Парабак выканаў загад, але курыца, пагрэбаваўшы звычайным гняздом, знесла ля ног гаспадара плод, якi мог незвычайна напалохаць. Яна знесла не яйцо, як можна было гэтага чакаць, а кураня з пер'ем, кiпцюрамi, вачыма, якое ўжо ўмела пiшчаць i адразу пабегла за сваёй мацi.

34. Неўзабаве пасля гэтага здараецца яшчэ большае дзiва, якое ўсiх моцна перапалохала. Пад самым сталом, на якiм былi яшчэ рэшткi снедання, расчынiлася зямля, i з глыбiнi зафантанiла кроў i ажно запырскала ўвесь стол.

У тую ж хвiлiну, калi ўсе, анямеўшы ад страху, трасуцца i дзiвяцца з боскай праявы, прыбягае хтосьцi з вiннага склепа i дакладвае, што вiно, даўно паразлiванае ў бочкi, нагрэлася, забурлiла i пачало кiпець, быццам на моцным агнi. Заўважылi таксама ласачку, якая выйшла на двор, трымаючы ў зубах ужо нежывую гадзюку. У паляўнiчага сабакi выскачыла з ляпы зялёнае жабяня, а на сабаку накiнуўся баран, якi быў непадалёку, схапiў яго за горла i адразу задушыў.

Гэтулькi розных страхоццяў збянтэжыла гаспадара i ўсiх жыхароў дома, яны не ведалi, што рабiць, якога бога прасiць больш, якога менш, каб адхiлiць iм пагрозы, колькi i якiх ахвяр трэба прынесцi?

35. Пакуль усе, скаваныя жахам, чакалi сама страшнага няшчасця, прыбягае нейкi нявольнiк i дакладвае аб вялiкiх страшных бедах, якiя звалiлiся на ўладальнiка маёнтка. Гонарам ягонага жыцця былi тры дарослыя сыны, сцiплыя i адукаваныя. Гэтыя юнакi сябравалi здаўна з адным бедным чалавекам, якi жыў у маленькай хацiне. Гэта хатка межавала з шырокiмi ўгоддзямi ўплывовага i багатага суседа, якi, злоўжываючы знатнасцю свайго роду, рабiў у акрузе, што толькi хацеў, але як чалавек багаты меў шмат прыхiльнiкаў. Ён варожа аднёсся да свайго беднага суседа i разбураў яго ўбогую сялiбу, забiваў дробную жывёлу, забiраў валоў, нiшчыў яго няспелае збожжа.