Читать «Метамарфозы, цi Залаты асёл» онлайн - страница 100

Апулей

Праходзячы каля чана, я заўважыў, што канцы пальцаў каханка высоўваюцца з-пад берага, вiдаць, не памясцiўшыся ў сховiшчы. Збочыўшы са сцежкi, я наступiў са злосцi капытом на тыя пальцы i раструшчыў iх. Крыкнуўшы жаласлiва ад невыноснага болю, ён скiдае з сябе чан, адкрыўшы i паказаўшы такiм чынам сябе i ўсю подласць бессаромнай жанчыны.

А млынар, не вельмi ўсхваляваны парушэннем шлюбнай вернасцi, ветлiва, з ясным i зычлiвым тварам звяртаецца да смяртэльна спалатнелага юнака: "Не бойся, сынок, з майго боку нiчога благога. Я не варвар i не такi чэрствы мужык, каб за прыкладам сукнавальшчыка знiшчаць цябе смертаносным дымам серкi цi абрынаць на галаву такога прыгожанькага i мiлага хлопчыка суровую кару за пралюбадзейства. Не, я проста падзялюся табой з жонкай. Я ўжыву не форму падзелу маёмасцi, а спосаб агульнага карыстання, каб без спрэчак i папрокаў мы ўсе трое змясцiлiся ў адной пасцелi. Ды я заўсёды жыў з жонкай у такой згодзе, што ў нас, як у людзей разважных, густы заўсёды супадалi. Але сама справядлiвасць вымагае, каб у жонкi не было перад мужам перавагi".

28. З такiмi жартаўлiвымi словамi ён завёў хлопца да пасцелi, а той хоць i неахвотна, але iшоў за iм. Тады, замкнуўшы ў асобным пакоi сваю цнатлiвую жонку, лёг з маладым чалавекам i выкарыстаў найбольш прыемны спосаб адплаты за свае парушаныя правы мужа.

А калi нябеснае свяцiла прывяло з сабой свiтанне, млынар паклiкаў двух дужэйшых работнiкаў i, загадаўшы падняць юнака чым вышэй, адсцябаў яго розгай па ягадзiцах, прыгаворваючы:

"Сам яшчэ хлапчаня, далiкатны ды маладзенькi, пазбаўляеш каханкаў цвету сваёй маладосцi, парушаючы законы шлюбу i заўчасна стараючыся прысвоiць сабе званне пралюбадзея".

Паўшчуваўшы яго такiмi ды iншымi вымовамi i дастаткова пакараўшы розгамi, выкiдае яго за дзверы. I вось ён, прыклад бясстрашнага каханка, якi нечакана выйшаў цэлым з небяспекi, калi не лiчыць беласнежных ягадзiц, якiя перанеслi здзек i ўночы, i зрання. А млынар паведамiў жонцы аб разводзе i ў той жа дзень выгнаў яе з дому.

29. А яна, будучы нягоднiцай ад прыроды, а да таго разгневаная, хоць i заслужанай крыўдай, ды тым большай, зноў бярэцца за даўнейшае i, звярнуўшыся да звычайных бабскiх падкопаў, з вялiкiмi цяжкасцямi знаходзiць нейкую старую ведзьму, пра якую казалi, што яна сваiмi чарамi можа зрабiць што захочаш. Прыстаўшы да яе з бясконцымi просьбамi i засыпаючы падарункамi, просiць яна ў яе аднаго з двух: або каб муж, памякчэўшы, зноў з ёю памiрыўся, або, калi гэта немагчыма, дык нашкодзiць яму, наслаць на яго смерць праз якога-небудзь пякельнага духа. Тады тая ведзьма, надзеленая чарадзейнай уладай, спачатку пускае ў ход першыя спробы свайго злачыннага ўмельства i з усiх сiл стараецца ўлагодзiць дух моцна абражанага мужа i скiраваць яго да кахання. А калi справа павярнулася не так, як яна чакала, абурылася на багоў не толькi за неатрыманне абяцанай узнагароды, але i ў адплату за праяўленую да сябе абыякавасць. Цяпер яна задумвае згубу няшчаснаму мужу i для гэтага насылае на яго цень нейкай памерлай гвалтоўнай смерцю жанчыны.