Читать «Мудрамер» онлайн - страница 9

Мікалай Матукоўскі

Папсуева. Тым больш… Таварыш Мурашка! Вы ўпэўнены, што ўсе людзі пажадаюць сесці ў ваша… электрычнае крэсла? Добраахвотна! Без прымусу!

Мурашка. Упэўнены. Кожнаму чалавеку хочацца ведаць, хто ён на самай справе. Чаго ён варты? I што ён можа?

Папсуева. Упэўнены, што кожны зацікаўлены?

Мурашка. Кожны!.. I дзяржава таксама…

Папсуева. Я б на вашым месцы ўстрымалася гаварыць ад імя дзяржавы! Хто вам даў такое права?

Мурашка. Мы выйграем мільярды, калі пасадзім дурняў на іх месца!

Папсуева. А вы ведаеце, дзе іх месца?.. Нюра! Аб’яві зараз па селектары супрацоўнікам міністэрства… Кожны, хто хоча, можа зайсці ў кабінет міністра і праверыць узровень свайго інтэлекту. (Да Мурашкі.) Колькі часу займае працэдура?

Мурашка. Некалькі секунд. Апарат рэагуе вельмі тонка…

Папсуева (да Нюры). Скажы, што гэта зойме ўсяго некалькі секунд.

Вяршыла. Тамара Цімафееўна! Навошта ж у маім кабінеце рабіць вавілонскае стоўпатварэнне?

Папсуева. Ніякага стоўпатварэння не будзе. У нас народ дысцыплінаваны. Будзе жывая чарга.

Вяршыла. Нюра! Растлумач людзям, у чым справа. Каб не падумалі, што гэта новая атэстацыя.

Нюра (націснуўшы кнопку селектара, у мікрафон). Усе мяне чуюць?

Галасы з дынаміка.

— Усе!

— Што здарылася, Нюрачка?

— Шэф выклікае?

— Для чарговай накачкі?

Нюра. Увага ўсім! Зараз у кабінеце Віктара Паўлавіча знаходзіцца вынаходнік Мікалай Ягоравіч Мурашка. Ён стварыў апарат, на якім за некалькі секунд можна праверыць узровень свайго інтэлекту, сваіх здольнасцей і магчымасцей. Кожны, хто жадае, можа зайсці сюды і праверыцца. (Паўза.) Вы мяне зразумелі?

Паўза.

Галасы з дынаміка.

— А навошта гэта?

— Для якой мэты?

— Гэта загад ці просьба?

— Ні фіга сабе!

Нюра. Віктар Паўлавіч запрашае толькі тых, хто жадае. (Выключае селектар.)

Вяршыла. Дзякую, Нюра. Паглядайце, каб у прыёмнай быў парадак.

Першая тэлефаністка. У яго зараз людзі… Вельмі важнае пытанне… Дзяржаўнага значэння. Пазваніце ў канцы дня.

Другая тэлефаністка. Віктар Паўлавіч! Ужо трэці раз звоняць з міністэрства здароўя!

Вяршыла. Па якім пытанні?

Другая тэлефаністка. Пытаюць, што рабіць са спаборніцтвам хірургаў? Які паказчык лічыць самым галоўным? Колькасць аперацый ці колькасць тых, хто выжыў пасля аперацыі?

Паўза.

Вяршыла задумаўся.

Вяршыла. Ну, вядома, колькасць аперацый! Хірург не вінаваты, калі нехта памрэ пасля аперацыі. Можа, хворы быў ужо ў безнадзейным стане?

Другая тэлефаністка. А калі памрэ ў час аперацыі?

Вяршыла. Такую аперацыю ў спаборніцтве не залічваць. Ставіць прочырк. Зіна! Гаварыце ўсім, што я заняты!.. Калі ласка, Тамара Цімафееўна. Працягвайце…

Папсуева. Адкажыце мне, таварыш Мурашка, на такое пытанне… Ну, запусцім мы гэты ваш… градуснік у серыю… Дапусцім нават такое, што справа дойдзе да масавай праверкі… Дапусцім, што мы выявім гэтых самых… непаўнацэнных… А што далей рабіць? Звальняць іх з работы?

Мурашка (горача). Абавязкова! Для таго ж я і прыдумаў свой апарат! Для ўсеагульнай масавай чысткі! Хай зямля гарыць у дурняў пад нагамі!

Папсуева. Нават так? Не ведаю, не ведаю… За невыкананне плана… За маральнае разлажэнне зды маюць. А вось каб за дурноту… Такое не памятаю…