Читать «Мудрамер» онлайн - страница 8

Мікалай Матукоўскі

Мурашка. Адхіленні могуць быць і ў другі бок… «Талент» і «Геній».

Паўза.

Вяршыла (падхапіўшыся). Паслухайце! Гэта ж у прынцыпе мяняе ўсю справу! А я ўвесь час сядзеў і думаў… Што мне карціць? Што мяне непакоіць? Цяпер усё зразумеў! Абсалютна ўсё!

Мурашка. Даруйце…

Вяршыла. Чаму вы, Мікалай Ягоравіч, надумаліся вымяраць дурноту?

Папсуева (яшчэ пе зразумеўшы Вяршылу). Вось іменна! Чаму? I прымушаць праходзіць гэтую зневажальную праверку?!

Вяршыла. Вы прыходзіце да чалавека і адразу падазраяце ў ім патэнцыяльнага «Д»! А калі ён талент альбо нават геній?

Папсуева (усё яшчэ не разумеючы Вяршылу). Вось іменна! А ў нас большасць такіх!

Мурашка (разгублена). Калі невымяраць дурноту, нічога нікому не дакажаш…

Вяршыла (з натхненнем ад уласнага адкрыц ця). А калі вымяраць на вашым апараце не дурноту, а… мудрасць?!

Мурашка (яшчэ больш разгублена). Вы хочаце сказаць, што трэба перарабляць апарат?

Вяршыла. Ні ў якім разе! Усё застаецца, як было! I шкала тая ж самая!.. Толькі трэба гаварыць чалавеку, што мы вымяраем яго мудрасць! Разумееце? Мудрасць!.. «Дурамер»! Фу! Гэта ж гучыць абразліва! Вульгарна! Не дурамер, а мудрамер! Муд–ра–мер!

Мурашка. А што рабіць са стрэлкай?.. Яна ж усё роўна будзе аб’ектыўна паказваць узровень інтэлекту…

Вяршыла. I цудоўна! I няхай паказвае! Што яна пакажа? Адхіленне? Адхіленне ад чаго? Ад мудрасці! Не знайшлі мудрасці? Ну і што з таго? Але ж затое мы шукалі яе! Шукалі! I чалавеку прыемна, і аспект зусім іншы! Падумайце… Якога ж узроўню мы дасягнулі, калі пачалі вымяраць мудрасць! Усё! Вырашана! Назавём апарат мудрамерам!

Міралюбаў. Віктар Паўлавіч… А калі стрэлка пакажа «Д» ці нават, прабачце, «П»–«Д»?

Вяршыла. Ну і што? Нічога страшнага. Проста чалавеку не хапае трохі мудрасці. Толькі і ўсяго! Мікалай Ягоравіч! На якой лічбе ў вас літара «Д»?

Мурашка. На лічбе «пяцьдзесят»…

Вяршыла. Вось так і будзем пісаць: «Таварышу Іванову не хапае пяцідзесяці працэнтаў мудрасці». А хто ведае, колькі яе павінна быць? Трыццаць? Пяцьдзесят? Сто?

Міралюбаў. Нейкая двайная бухгалтэрыя атрымліваецца…

Вяршыла. Згодзен. Але яна неабходна. Мы ж не можам напісаць у афіцыйным дакуменце, што рэкамендуем у серыйную вытворчасць нейкі «дурамер»… Што пра нас падумаюць? Што ўсе мы тут трошкі таго… (Круціць пальцам каля скроні.)

Папсуева. Значыць… Вы ўсё ж хочаце…

Вяршыла. Назваць дурамер мудрамерам! Нюра! Папраў у пратаколе з самага пачатку. Напішы: «Абмяркоўвалі апарат, які прапанаваў таварыш Мураўёў…»

Мурашка. Мурашка я…

Вяршыла. Прабачце!.. «…апарат, які прапанаваў таварыш Мурашка Мікалай Ягоравіч… Пад назвай мудрамер…»

Папсуева. Віктар Паўлавіч… Вы сапраўды хо чаце рэкамендаваць гэты… кіпяцільнік?

Вяршыла. А чаму і не, Тамара Цімафееўна?

Папсуева. А вы ўсё добра прадумалі?

Вяршыла. Што вы нас палохаеце, Тамара Цімафееўна?

Папсуева. Зараз зразумееце… Дазвольце задаць некалькі пытанняў таварышу Мурашку…

Вяршыла. Ну вядома, Тамара Цімафееўна. Сваё рашэнне мы павінны прыняць калегіялыіа.