Читать «Мудрамер» онлайн
Мікалай Матукоўскі
Мікалай Матукоўскі
Мудрамер
Сатырычная камедыя
Дзеючыя асобы
Вяршыла Віктар Паўлавіч — міністр узгадненняў.
Міралюбаў Ягор Фёдаравіч — намеснік міністра па зацвярджэннях.
Папсуева Тамара Цімафееўна — намеснік міністра па пярэчаннях.
Мілашкіна Нюра — сакратарка міністра.
Мурашка Мікалай Ягоравіч — вынаходнік.
Залівака Іван Пятровіч — вынаходнік.
Загуменная Кацярына Антонаўна — бабуля — празарлівіца.
Крутая Ніна Іванаўна — дырэктар фабрыкі лёгкага і сярэдняга адзення.
Брунетка, Шатэнка, Бландзінка — асістэнткі Ніны Іванаўны.
Першая тэлефаністка.
Другая тэлефаністка.
Частка першая
Вяршыла. Сіні!.. Чырвоны!.. Зялёны!.. Сіні!.. Чырвоны!.. Чорны!.. Нюра! Я прасіў чорны! А ты падаеш мне зялёны!..
Нюра. Ой, прабачце, Віктар Паўлавіч!..
Вяршыла. Я ж так і наблытаць магу… Зялёны!.. Чырвоны!..
Нюра. Закажыце вы факсіміле, Віктар Паўлавіч. У век аўтаматыкі і электронікі пісаць рэзалюцыі ад рукі…
Вяршыла. Сіні!.. Нельга, Нюра… Што такое факсіміле?.. Чырвоны!.. Бюракратызм і казёншчына… Факсіміле можа кожны паставіць… Зялёны!.. А мы ж маем справу з людзьмі… Чорны!.. Убачыць чалавек маю рэзалюцыю ў арыгінале «Ад–мо–віць!» і будзе задаволены… Таму што зразумее… Яго паперу чыталі! Над ёй думалі!.. А не проста ўзялі і адмахнуліся… Чырвоны!.. Чалавечыя ад носіны да справы, Нюрачка, вышэй за ўсё!..
Нюра. Не шкадуеце вы сябе, Віктар Паўлавіч. Жыццё ў чалавека адно. Трэба хоць крышачку і пра сябе падумаць.
Вяршыла. Што ты, Нюрачка, гаворыш? Чорны!.. Прыйшоў учора дадому і родную жонку не пазнаў. Кажу, вы па якім пытанні, таварыш?.. Чырвоны!.. Думаеш, я помню, як маіх дзяцей завуць?
Нюра. Дзіўка, што яны ўвогуле ў вас ёсць!
Першая тэлефаністка. Яго няма. У яго сёння прыёмны дзень.
Вяршыла. Чорны!..
Другая тэлефаністка. Ён заняты… У яго народ… Хвілінку! Віктар Паўлавіч! Вазьміце трэці…
Вяршыла. Што здарылася?
Другая тэлефаністка. Універмаг на Маскоўскай гарыць. Пытаюць, каго раней выклікаць — пажарнікаў ці міліцыю?
Вяршыла. Прывыклі чужой галавой думаць! Нават такога пытання самі вырашыць не могуць!