Читать «Мудрамер» онлайн - страница 7

Мікалай Матукоўскі

Папсуева. Ну, ведаеце!.. Лавіць біятокі мозгу з–за вугла — супрацьзаконна! Усё роўна што чытаць чужыя пісьмы ці падслухоўваць тэлефонныя размовы! На гэта ў нас ніколі не пойдуць!

Вяршыла(з некаторай трывогай паказваючы на апарат). А гэты яшчэ не ловіць на адлегласці?

Мурашка. Гэты — не. Ён працуе па прынцыпу непасрэднага кантакту.

Міралюбаў (з вялікай цікавасцю разглядаючы апарат). Вы сказалі, што сюды ўманціраваны адзін датчык. (Паказвае на бліскучы паўабруч.) А дзе другі?

Мурашка (паказвае на цэнтр сядзення крэсла). Другі знаходзіцца вось тут…

Папсуева (нечакана ўзрываецца). Ну, гэта ўжо чорт ведае што такое! Пры чым тут гэтае месца? Тут жа мазгоў, наколькі я ведаю, няма і быць не можа! Вы ўжо загадзя, знарок праграмуеце непаўнацэннасць чалавека!

Мурашка. Тут знаходзяцца так званыя адчу вальныя… Вельмі адчувальныя зоны Захарвіна–Хеда…

Вяршыла. Чые зоны?

Мурашка. Захарвіна–Хеда… Яны вельмі тонка рэагуюць на малюсенькі дотык… Гэта медыцынскі тэрмін — Захарвіна–Хеда… Біятокі мозгу рухаюцца па пазваночніку. Па спінным мозгу. Уверх ідзе плюс, уніз — мінус…

Папсуева. Вы ведаеце, адкуль ідзе плюс, адкуль — мінус? Вы ўпэўнены, што не наадварот?

Мурашка. Праверана шмат разоў. Уніз ідзе толькі мінус…

Міралюбаў. Было б нелагічна, Тамара Цімафееўна, калі б уніз ішоў плюс, а ўверх — мінус!

Вяршыла. Растлумачце нам, калі ласка, Мікалай Ягоравіч, прызначэнне гэтай шкалы. На ёй апроч лічбаў ёсць яшчэ і літары…

Мурашка. Стрэлка на шкале паказвае ўзровень інтэлекту чалавека. Калі яна стаіць на цэнтры, на літары «Н», значыць, «норма». Гома нармаліс…

Вяршыла. Далей управа літара «Д»…

Мурашка. Яна стаіць на лічбе «пяцьдзесят». Гэта азначае, што ў чалавеку толькі пяцьдзесят працэнтаў розуму…

Вяршыла. А астатнія пяцьдзесят?

Мурашка (вінавата). Дурнота…

Міралюбаў. Значыць, пяцьдзесят працэнтаў — гэта ўжо «Д»?

Мурашка. Ага…

Вяршыла. Ці не занадта строга вы падыходзіце да гома сапіенс?

Мурашка (вінавата). Гэта не я… Такія міжнародныя стандарты.

Папсуева. Адкуль вы ведаеце міжнародныя стандарты? За мяжой ужо ёсць аналагічныя апараты?

Мурашка. Апаратаў няма. Але ёсць спецыяль ная літаратура…

Папсуева. У чыіх перакладах вы яе чыталі? Дзе, хто і калі яе выдаваў?

Мурашка. Я чытаў у арыгіналах. У працэсе работы над апаратам я авалодаў англійскай, французскай, нямецкай, кітайскай і хіндзі…

Міралюбаў (са спачуваннем). А кітайскай і хіндзі навошта?

Мурашка. Вельмі мудрыя народы…

Вяршыла (працягваючы вывучаць шкалу). Вось тут у канцы шкалы ў вас стаяць адразу дзве літары «П» і «Д». Што гэта?

Мурашка (сканфужана). Тое ж самае, што і «Д»… Толькі… у закончаным выглядзе.

Папсуева (з абурэннем). Такіх, таварыш Мурашка, у нашай краіне няма і быць не можа! «П» і «Д» — гэта ўжо знявага чалавечай асобы!

Міралюбаў. Прабачце, Тамара Цімафееўна… Я вельмі сумняваюся, што ідыёт можа быць асобай.

Папсуева. Ягор Фёдаравіч! У нашай краіне кожны чалавек — асоба!

Міралюбаў. Зладзюга, злачынец — таксама?

Вяршыла. Таварышы! Таварышы! Вы ўхіліліся ад мэты нашага пасяджэння. Мы з вамі абмяркоўваем канкрэтную вынаходку. I выказвацца мы павінны таксама канкрэтна і дакладна. Абстрактная філасофія тут недарэчы. Мікалай Ягоравіч… А вось гэта, левая частка шкалы… Тут зноў такія ж лічбы і літары «Т» і «Г».