Читать «Мудрамер» онлайн - страница 19

Мікалай Матукоўскі

Вяршыла. А што далей?

Залівака. Вы яшчэ не зразумелі?! Далей усе куры нясуць яйкі! Адразу па ўсёй краіне!

Вяршыла. Дык яны і без спецыяльнага сігналу нясуцца…

Залівака. Ха! Мы ж будзем падаваць сігнал для кудахтання не адзін раз у дзень, а два! Тры! Пяць разоў! Пяць яек у дзень ад кожнай курыцы! Уяўляеце? Мы ж усю краіну закідаем яйкамі!.. Што краіну? Свет! Мы не толькі людзей… Мы свіней, кароў, авечак будзем карміць яечняй! Вось вам і вырашэнне бялковай праблемы! (Ускочыў і зноў забегаў па кабінеце.)

Вяршыла. Сядзьце, Іван Пятровіч! Сядзьце!..

Залівака. Не магу! Не сядзець — дзейнічаць трэба!

Вяршыла. Вы мяне прымушаеце… (Прыўзні маецца з крэсла.)

Залівака. Даруйце! Забыўся! (Валіцца ў крэсла.)

Міралюбаў. У мяне адно пытанне да Івана Пятровіча…

Вяршыла. Калі ласка, Ягор Фёдаравіч… Гэта мой намеснік.

Залівака (ускочыўшы, кланяецца). Вельмі прыемна! Вельмі! (Падскочыўшы, цісне руку Міралюбаву.) Хоць мільён пытанняў! Любыя! У мяне на кожнае пытанне па тры адказы! А, Б, В!

Міралюбаў. Скажыце, Іван Пятровіч… А певень вытрымае?

Залівака. Што вытрымае?

Міралюбаў. Ну… Каб курыца несла некалькі яек у дзень? Ён жа таксама прымае нейкі ўдзел у гэтай справе.

Залівака, Канечне, яму будзе нялёгка! Давядзецца папрацаваць закасаўшы рукавы. Але ў мяне і гэтая праблема прадугледжана. Мы кожнай курыцы дадзім па персанальным пеўню. Як ва ўсіх пярнатых і млекакормячых!

Вяршыла. Вы ўжо правяралі сваю ідэю?

Залівака. А як жа? У лабараторных умовах! На адной курыцы! (Бегае па кабінеце.) Прабачце! Забыўся. (Валіцца ў крэсла.)

Вяршыла моўчкі ўзнімаецца.

Вяршыла. I які вынік?

Залівака. Цудоўны! Казачны! Вось акт аб эксперыменце! Вось пратакол і заключэнне вучонага савета! Вось рэзалюцыі сямі міністраў! Пісьмы двух акадэмікаў, якія падтрымліваюць ідэю і гатовы самі прыняць удзел у эксперыменце… Праўда, абодва яны на пенсіі! Але ў прынцыпе гэта не мае значэння.

Вяршыла (праглядаючы паперы). На што вы хочаце патраціць гэтыя трыццаць мільёнаў?

Залівака. Трыццаць — гэта толькі для пачатку! Так сказаць, на нулявы цыкл! Мне патрэбны НДІ куразнаўства, вылічальны цэнтр і свая эксперыментальная база. Як бачыце, прашу мінімум. У маштабах краіны — гэта капейка. Грош! А выйгрыш — трыльёны!

Вяршыла. Ваша думка, Тамара Цімафееўна?

Папсуева. Праблема бялка — самая вострая біялагічная праблема ў свеце. I калі б удалося яе вырашыць… Сапраўды Нобелеўскай не шкада.

Вяршыла. Што скажаце вы, Ягор Фёдаравіч?

Міралюбаў (філасофскі). Адной вымовай больш, адной — менш.

Вяршыла. Нюра! Зялёны!

Нюра. Калі ласка, Віктар Паўлавіч. (Працягвае зялёны аловак.)

Вяршыла (узняўшы аловак). Значыць, уся краіна адразу?..

Залівака. Уся! Куд–куд–куды! Куд–куд–куды! А потым горы яек і Манбланы! Гімалаі!..

Залівака не паспявае дагаварыць. Аглушальна грыміць туш. Усе аж уздрыгнулі ад нечаканасці. Туш прагрымеў адзін раз, другі, трэці…