Читать «Мудрамер» онлайн - страница 20

Мікалай Матукоўскі

Вяршыла. Эй вы там, на палубе! Спыніце музыку!

Залівака. Што вы! Не трэба! Гэта ж так сімвалічна!

Вялікая паўза. Вяршыла думае, сумняваецца і нарэшце адсоўвае ад сябе паперы.

Вяршыла. Вось што, Іван Пятровіч… Пакуль што я не магу падпісаць вашу просьбу…

Залівака (страшэнна ўражаны такой нечаканасцю). Не можаце? Чаму?!

Вяршыла. Бачаце, якая справа, Іван Пятровіч… У вас тут не хапае адной рэзалюцыі… I таму я не магу падпісаць…

Залівака. Як не хапае? Там пятнаццаць рэзалюцый і ўсе станоўчыя! Рэзалюцыі сямі міністраў! Нават міністра фінансаў! Што вам яшчэ трэба?

Вяршыла. У вас няма рэзалюцыі міністра харчавання. А ваш інстытут будзе падпарадкоўвацца яму. Патрэбна яго віза, Іван Пятровіч…

Залівака. Лічыце, што яна ў вас ужо ёсць! Там у мяне цётка і дваюрадны брат працуюць!.. Адтуль мне адразу сюды?

Вяршыла (без асаблівага энтузіязму). Адтуль да нас…

Залівака. Вельмі ўдзячны! Вельмі! Не развітваюся. Праз гадзіну буду ў вас! (Вылятае з кабінета.)

Паўза.

Вяршыла. Вы ўпэўнены, Мікалай Ягоравіч, што ваш апарат… даў правільную ацэнку?

Мурашка. Больш чым упэўнены.

Вяршыла. А чаму так гучна?

Мурашка. Надта высокі ўзровень біятокаў мозгу.

Вяршыла. Звар’яцець можна. У яго ж пятнаццаць рэзалюцый! Сем міністраў! Дактары навук! Акадэмікі! Заключэнне вучонага савета! I ўсе ж яны думалі! Хоць адным паўшар’ем… I то атрымліваецца многа!

Міралюбаў. А можа, усе яны — яго цёткі і дваюрадныя браты?

Вяршыла. Пакіньце, Ягор Фёдаравіч!.. Я сур’ёзна…

Мурашка. Апарат нават зашкаліла…

Вяршыла (з жахам). А я ж ледзь не падпісаў! Проста гіпноз нейкі! (Паўза.) Што ж атрымліваецца, Мікалай Ягоравіч? Што ваш апарат выратаваў нам трыццаць мільёнаў?

Мурашка (вінавата). Выходзіць, так…

Вяршыла (усё яшчэ ніяк не можа супакоіцца). Але ж міністры! Акадэмікі! Пратакол! У вас, Мікалай Ягоравіч, хоць адзін міністр стаіць за спіной? Хоць адзін акадэмік? На худы канец — ну хоць бы доктар навук? Адзін!

Мурашка. Ніводнага… На словах усе — за. А паперкі, рэзалюцыі — ніводнай…

Папсуева. Адна пісаная рэзалюцыя важыць больш, чым сто вусных! Трэба было паверыць акадэмікам. Нам сумнявацца ў іх кампетэнцыі…

Мурашка. Апарат працуе нармальна. Галавой ручаюся!

Папсуева. Што мы панясём высокаму начальству, калі яно нас пакліча? Вашу галаву? Ці апарат?

Вяршыла. Што ж рабіць? Нам трэба дакладна ведаць, а не прыблізна!

Папсуева. Трэба прадоўжыць выпрабаванні. Калі апарат зноў зрэагуе алагічна… Выкінуць яго разам з аўтарам!

Вяршыла. Тамара Цімафееўна!

Папсуева. А што? Жылі спакойна, мірна… Пісалі рэзалюцыі. Ніхто ніколі не сумняваўся ў іх правільнасці! А цяпер? Сядзім і ламаем галаву.

Паўза.

Вяршыла. Нюра! Хто там наступны?

Нюра. Дырэктар фабрыкі лёгкага і сярэдняга адзення Крутая Ніна Іванаўна і тры яе асістэнткі.

Вяршыла (да Мурашкі). Вы можаце праверыць усіх чатырох адразу?

Мурашка. Не. Толькі па адной.

Вяршыла (да Нюры.) Няхай уваходзіць адна. Без асістэнтак…

Нюра (адчыніўшы дзверы). Уваходзьце, Ніна Іванаўна!

Уваходзіць Крутая.

Крутая. Добры дзень!

Вяршыла. Добры дзень! Зноў вы, Ніна Іванаўна?

Крутая. Зноў я, Віктар Паўлавіч.

Вяршыла. Сядайце… (Паказвае на выпрабавальнае крэсла.)