Читать «Мудрамер» онлайн - страница 14

Мікалай Матукоўскі

Міралюбаў. Я хутка камяні буду кідаць! Гранаты! Бомбы!

Вяршыла (страціўшы цярпенне). Хопіць!.. Спыняю спрэчкі! Будзем зацвярджаць і рэкамендаваць.

Папсуева. Што рэкамендаваць? Ката ў мяшку?

Другая тэлефаністка. Віктар Паўлавіч! Прабачце… Зноў будаўнікі! Яны звоняць бесперапынна.

Вяршыла. Вы сказалі ім, што я памёр?

Другая тэлефаністка. Яны кажуць: жы вога ці мёртвага, але давайце.

Вяршыла. Божа мой! Нават памерці спакойна не дадуць!.. Скажыце ім, што на гэты раз я планы карэкціраваць не буду! Не тыя часы!

Другая тэлефаністка. У іх ЧП, Віктар Паўлавіч!..

Вяршыла. Ат! У іх кожны дзень ЧП! Цэгла ёсць — раствору няма! Раствор ёсць — цэглу не падвезлі! Або санвузел замест кухні паставілі!

Другая тэлефаністка. Не, Віктар Паўлавіч… У іх палац абваліўся. Ад даху да падмурка…

Вяршыла (спачатку не ўсвядоміўшы пачутага). Ат! Падумаеш! На дзень раней ці на дзень пазней… (Паўза.) Які палац?

Другая тэлефаністка. Той, што на паўгода раней тэрміну пабудавалі. Ну, памятаеце, пра яго ўсе газеты пісалі, тэлебачанне паказвала. Нават у праграме «Час»…

Вяршыла. Наколькі я ведаю… У такіх выпадках ствараюць спецыяльныя камісіі для расследавання прычын…

Другая тэлефаністка. Дык вось старшыня гэтай камісіі і звоніць вам.

Вяршыла. Цікава, што яму ад мяне трэба? Ён прычыну знайшоў?

Другая тэлефаністка. Знайшоў. Дужа многа зэканомілі.

Вяршыла. А эканомію куды падзелі?

Другая тэлефаністка. На прэміі пайшла…

Вяршыла. I міністр узвядзення гмахаў так сама атрымаў?

Другая тэлефаністка. I міністр…

Вяршыла. Колькі?

Тэлефаністка піша лічбу на паперы і моўчкі падае яе Вяршылу.

Другая тэлефаністка. Ён нетолькі прэмію, ён яшчэ і ордэн за гэты палац атрымаў.

Вяршыла. Дык што хоча ад мяне старшыня камісіі? Ён павінен званіць не мне, а пракурору! Самаму галоўнаму! Самаму генеральнаму!

Другая тэлефаністка. Ён не ведае, што рабіць з прэміяй…

Вяршыла (крычыць). Рабацяг не чапаць! Яны не вінаватыя! Яны выконвалі загад! А ў міністра прэмію адабраць! I… ордэн таксама…

Другая тэлефаністка. Нельга адабраць, Віктар Паўлавіч. Міністра няма.

Вяршыла. Як гэта няма? А дзе ён?

Другая тэлефаністка. Пайшоў на павышэнне.

Вяршыла. Куды?

Тэлефаністка зноў піша нейкае слова на паперы і моўчкі падае яе Вяршылу. Той, азірнуўшыся, хуценька спальвае над сталом, як шыфраграмы, абедзве запіскі. Здымае пінжак, акуратна вешае яго на спінку крэсла.

Ягор Фёдаравіч… Падыдзіце да мяне, калі ласка… Бліжэй… Не бойцеся, я вас не ўкушу… Ягор Фёдаравіч, я прашу вас… Ушчыпніце мяне…

Міралюбаў, нічога не разумеючы, бездапаможна азіраецца на прысутных.

Я вам загадваю, Ягор Фёдаравіч! Ушчыпніце мяне!

Міралюбаў (страшэнна разгублены). Ушчыпнуць міністра… Нават па загаду… Прабачце, я не магу…

Тады рашуча ўзнімаецца Папсуева, адсоўвае ўбок Міралюбава і з усяе сілы шчыпае Вяршылу за руку. Вяршыла нечакана рагоча дзікім, вар’яцкім смехам.

Вяршыла (раптоўна абарваўшы смех). Адключыць усе тэлефоны! Абрэзаць усе правады! Пакуль мы не закончым абмеркаванне! Нас няма! Мы памерлі! Усе да аднаго! (Паўза.) Мікалай Ягоравіч, у вас усё гатова для эксперымента?