Читать «Мудрамер» онлайн - страница 12

Мікалай Матукоўскі

Папсуева. Спытайце ў яго, ці возьмецца ён за выпуск гэтага вашага… керагаза.

Вяршыла (тэлефаністкам). Злучыце мяне з Какашынскім. 64–17–31. (Здымае трубку і чакае.) Прывітанне, Леў Сяргеевіч!.. Як у цябе з загрузкай абсталявання?

Голас з дынаміка. Нармальна. Уперад не лезем і ззаду не застаемся. А што?

Вяршыла. Ці можна размясціць на тваім заводзе адзін вельмі цікавы і перспектыўны апарат? Не складаны для асваення…

Голас з дынаміка. Вага?

Вяршыла. Вага чаго?

Голас з дынаміка. Твайго апарата!

Вяршыла (прыкрыўшы далонню трубку, шэп там пытаецца). Колькі важыць ваш апарат?

Мурашка (таксама шэптам). Трыццаць пяць кілаграмаў!

Вяршыла (па тэлефоне). Трыццаць пяць кілаграмаў!

Голас з дынаміка. Рэалізацыйная цана?

Вяршыла (шэптам). Колькі арыенціровачна ён будзе каштаваць?

Мурашка (шэптам). Не больш як трыста рублёў.

Вяршыла (па тэлефоне). Не больш як трыста рублёў…

Голас з дынаміка. Жартаўнік ты, Віктар Паўлавіч! У мяне падлік ідзе на тысячы тон і на дзесяткі мільёнаў рублёў. А ты што хочаш мне падсунуць?

Вяршыла. Ты хоць бы спытаў, што за апарат?

Голас з дынаміка. Не мае значэння! Хоць перпетуум — мобіле. 3 мяне здымаюць скуру за тоны і мільёны!

Вяршыла. Апарат незвычайны! Дзівосны! I ўсім патрэбен! Табе таксама.

Голас з дынаміка. Гэта ўжо лірыка, Віктар Паўлавіч. Вось скажы мне асвоіць верталёт ці падводную лодку — за тыдзень асвоім. А трыццаць пяць кілаграмаў не пад сілу. Не пацягну!.. Прабач, у мяне нарада тэхнолагаў. Вітаю!

Паўза.

Папсуева. Ну што, Віктар Паўлавіч?

Вяршыла. Прадпрыемства мы знойдзем. Не ў цяжкай, дык у лёгкай прамысловасці. Пусцім па графе «тавары народнага спажывання».

Папсуева. А хто будзе заказчыкам?

Уваходзіць разгубленая Нюра.

Нюра. Нікога няма, Віктар Паўлавіч… Ніводнага чалавека! Усе кабінеты пустыя…

Паўза.

Вяршыла. А дзе яны?

Нюра. Не ведаю… Зніклі кудысьці.

Вяршыла. Як гэта зніклі? Усе?

Нюра. Усе…

Вяршыла. I члены калегіі таксама?

Нюра. I члены калегіі…

Вяршыла. Дзіўна… Можа, яны на прафсаюз ным сходзе?

Папсуева (з сарказмам). Або на канцэрце мастацкай самадзейнасці!..

Вяршыла. Пакіньце вашы жартачкі, Тамара Цімафееўна!.. Да абедзеннага перапынку яшчэ гадзіна, а людзей ужо няма!

Папсуева. Я не здзіўлюся, калі праз гадзіну наша міністэрства ўспыхне, як бочка з порахам! Ад кароткага замыкання, шаравой маланкі, вібрацыі ці гравітацыі! I мы ператворымся ў попел разам з гэтай (паказвае на крэсла, апарат і дынамікі)… фігай.

Вяршыла (ледзь стрымлівае сябе). Будзем заканчваць абмеркаванне. Вы, Тамара Цімафееўна, як я разумею, — супраць?

Папсуева. Як кожны разумны чалавек на маім месцы. Катэгарычна!

Міралюбаў. Значыць, вы, Тамара Цімафееўна, — разумны чалавек? Гома сапіенс? А ўсе мы — малпы! Папугаі! Кракадзілы?! (Пачынае лічыць, каб супакоіцца.) Адзін, два, тры, чатыры, пяць, шэсць, сем…

Вяршыла. Спакойна, Ягор Фёдаравіч! Не забывайце, што Тамара Цімафееўна — намеснік па пярэчаннях. I мы яшчэ раз пераканаліся, што яна не дарма есць свой хлеб…

Міралюбаў. За тое, што Тамара Цімафееўна піша «забараняю!» — у яе адны падзякі! За тое, што я пішу «дазваляю!» — у мяне адны вымовы! Сем строгіх з апошнім папярэджаннем! Адзінаццаць строгіх з занясеннем. Без занясенняў я ўжо і не лічу!..