Читать «Брама неўміручасці» онлайн - страница 7

Кандрат Крапіва

Змітрук. Давайце не будзем гвалтаваць сумлення Барыса Пятровіча. Паміраць жа ён не сёння збіраецца. Народ і пра яго скажа, чаго ён варты. Я, Барыс Пятровіч, хачу звярнуць вашу ўвагу на адну акалічнасць. Асабіста я не сумняваюся ў сур‘ёзнасці вашых навуковых доследаў. Але ёсць людзі, і даволі высокага рангу, для якіх ваш пацук не з‘яўляецца пераканаўчым.

Дабрыян. Для іх пацук — гэта шкодны грызун і разносчык заразы, убачыўшы якога, іх жонкі лезуць на крэслы і падымаюць віск.

Змітрук. Я — прафан у гэтай справе, але сёй-той лічыць, што пераносіць якасці пацука на чалавека неправамерна.

Дабрыян. Як вы добра ведаеце, Іван Кірылавіч, навуку робяць не сёй-той, а вучоныя, якія ведаюць, што можна пераносіць, а што не.

Змітрук. Ну, прабачце. Я проста хацеў папярэдзіць, з якога боку вас могуць шчупаць апаненты.

Дабрыян. У нас ёсць наконт гэтага заключэнне кампетэнтных органаў.

Змітрук. Жадаю паспяхова ўкараніць вашу неўміручасць у наша пакуль што смяротнае цела. (Развітваецца і выходзіць. За ім выходзяць іншыя.)

Дабрыян (да гледачоў). Вось так, дарагія таварышы. Не можам мы ўсім забяспечыць неўміручасць. Зямля не вытрымае. Ды не ўсе і заслужылі неўміручасць. Прыйдзецца вам самім вырашаць, хто яе заслужыў.

Карціна другая

Кватэра Дабрыяна. Раніца. Настойліва звоніць тэлефон.

Уваходзіць Марына Сяргееўна і бярэ трубку.

Марына Сяргееўна. Слухаю… Барыс Пятровіч яшчэ не прачнуўся… Не выспаўся… Яму ўсю ноч званілі… Так, наконт неўміручасці… Вы таксама?.. Пазваніце, калі ласка, пазней. Прашу прабачэння, таварыш генерал, я не магу яго будзіць… Гэта вы здорава прыдумалі… (Кладзе трубку.)

Дабрыян (выходзіць заспаны). Хто там?

Марына Сяргееўна. Генерал. Неўміручасці патрабуе.

Дабрыян. Які генерал?

Марына Сяргееўна. А хто яго ведае. Кажа, буду званіць, пакуль не даб‘юся.

Дабрыян. Цяжкі выпадак.

Марына Сяргееўна. Паспаў бы яшчэ. Сам зараз ногі выцягнеш праз гэту неўміручасць.

Дабрыян. Каму-небудзь яна спатрэбіцца і пасля мяне.

Марына Сяргееўна. Чаму не!

Тэлефонны званок.

Вось, калі ласка.

Дабрыян (бярэ трубку). Я слухаю… Так… Слухаю вас, таварыш генерал… Устаў… пры вашай дапамозе. Прашу гаварыць спакайней, а то я нічога не разбяру… Я неўміручасці не размяркоўваю… Я адкрыў закон, але не распараджаюся лёсам людзей… Ёсць для гэтага Камітэт па справах неўміручасці… Так… ён і будзе вырашаць, хто варты неўміручасці… Дапускаю, што вы — самы лепшы з генералаў, але не мне ў гэтым разбірацца… Магчыма, сустрэнемся… Генерал-маёр Дажывалаў?.. Буду помніць… У запасе?.. Ну, я рад, што ў нас у запасе ёсць такія баявыя генералы… Будзьце здаровы… (Кладзе трубку.) А почырк як быццам не генеральскі.

Марына Сяргееўна (падыходзіць да мужа, з замілаваннем кудлачыць яму валасы). Можа, задрэмлеш яшчэ?

Дабрыян (глядзіць на гадзіннік). Трэба ў інстытут ісці.

Марына Сяргееўна. Бора, няўжо гэта ўсё праўда?

Дабрыян. Што?

Марына Сяргееўна. Што мы будзем жыць вечна.

Дабрыян. Хто-небудзь будзе.

Марына Сяргееўна. Ну, мы ж з табой напэўна будзем.

Дабрыян маўчыць.

Падумаць страшна… Вечнасць… Гэта як бяскрайні акіян… Плывеш, плывеш, а канца няма… I ніколі, ніколі не будзе.