Читать «Брама неўміручасці» онлайн - страница 23

Кандрат Крапіва

Болдвін. А наконт ліцэнзіі гэта ваш канец?

Дабрыян. Канец. I будзьце здаровы.

Болдвін. Неўміручасць толькі для камуніст?

Дабрыян. Я не маю часу паўтараць сказанае.

Болдвін. Вы не ёсць вельмі ветлівы. А рэпартаж будзе. Які трэба… (Выходзщь.)

Дабрыян. Які трэба вашым гаспадарам. Гэта мы ведаем.

Антаніна Васільеўна (уваходзщь з поштай у руках. Ківае на дзверы). Адпрэчылі?

Дабрыян. Ледзь адчапіўся. Спрабаваў таргаваць мяне.

Антаніна Васільеўна. I многа даваў?

Дабрыян. Мільёнамі спакушаў.

Антаніна Васільеўна. Прыдурак. (Кладзе пошту на стол.) Вось вам яшчэ дабаўка.

Дабрыян. I калі ж я ўсё гэта прагледжу? (Садзіцца і праглядае пошту.) Да мяне больш нікога няма?

Антаніна Васільеўна. Калгасніца з падшэфнага калгаса. Пенсіянерка.

Дабрыян. Чаго яна хоча?

Антаніна Васільеўна. Не гаворыць. Кажа, толькі самому акадэміку скажу.

Прымеце? У вас жа хутка пасяджэнне.

Дабрыян. Сёння не прыму — заўтра прыйдзе.

Антаніна Васільеўна выходзіць. Праз хвіліну ўваходзіць калгасніца.

Калгасніца. Дзень добры вам.

Дабрыян. Добры дзень. Праходзьце. Сядайце.

Калгасніца. Сядзела. На машыне дзве гадзіны, ды тут, у вашым прылазніку, з гадзіну.

Дабрыян. Людзей шмат. Давайце знаёміцца.

Калгасніца. Я вас знаю. Вы прыязджалі да нас. Я з калгаса «Ураджай».

Дабрыян. А як вас зваць?

Калгасніца. Прозвішча — Лапата. Ну, пішуць — Лапато. Гэта як бы далікатней. А завуць — Алена. Алена Максімаўна.

Дабрыян. Дык што ж мне скажаце, Алена Максімаўна?

Алена Максімаўна. Чула я, таварыш акадэмік, што вы людзей робіце неўміручымі. I нават пацукоў. Радыё перадавала.

Дабрыян. Дык вы таксама хочаце быць неуміручай?

Алена Максімаўна. Не, я не пра сябе. Я пажыла ўжо, дзякуй Богу, дзяцей пагадавала, унукі растуць. Ну, там пасля ужо, калі гэтага лякарства астанецца у вас на маю долю…

Дабрыян. Дык вы пра дзяцей клапоціцеся?

Алена Максімаўна. Дзеці мае прабітныя. Адзін — трактарыст, другі на ферме працуе, прэміі палучаюць. На дошцы вісяць. Яны самі даб‘юцца.

Дабрыян. Значыць, пра ўнукаў?

Алена Максімаўна. А пра ўнукаў яшчэ рана.

Дабрыян. Дык што ж вы хацелі?

Алена Максімаўна. Я неяк не адважуся гаварыць.

Уваходзіць Антаніна Васільеўна, адчыняе шафу і бярэ папку.

Дабрыян. Калі ўжо адважыліся прыйсці…

Алена Максімаўна. Таварышок акадэмік, даражэнькі! Я вас вельмі прашу: зрабіце маю кароўку неўміручай!

Антаніна Васільеўна не утрымалася і фыркнула са смеху.

Чаго ты фыркаеш! Табе у магазіне гатовае, а мне надаіць трэба. (Да Дабрыяна.) Вельмі ж кароўка ўдалая. Каб вы толькі глянулі на тое вымя! Але ўжо не маладая. Гады праз чатыры трэба будзе мяняць. А там якая удасца, бог яе ведае.

Дабрыян. Вось гэта задалі вы мне задачу!

Алена Максімаўна. Я думаю, калі пацука можна, чалавека можна, дык і карову можна. Яна ж пасярэдзіне паміж імі.

Дабрыян. Вы правільна думаеце. У прынцыпе яно можна.

Алена Максімаўна. А мне не у прынцыпе трэба, а ў хляве.

Дабрыян. Але ж людзям не толькі малако, а і мяса патрэбна. А калі ўсе каровы будуць неўміручыя…

Алена Максімаўна. Я ж пра ўсіх не гавару. Мяса вунь калгас больш за тысячу гэтых самых цэнтнераў здаў. Колькі гэта на пуды, я ўжо і не ведаю. А мне і ўнукам — малачко на першым плане. (Доўгая паўза.) Дык зробіце?