Читать «Брама неўміручасці» онлайн - страница 25

Кандрат Крапіва

Дабрыян. Гэта ў вашых сілах?

Наташа. Думаю, што сілы ў мяне хопіць.

Дабрыян. Саманадзейнасць маладосці. Баюся, каб вы якога глупства не зрабілі.

Наташа. Гэта будзе самае разумнае, што можна зрабіць у такім становішчы. (Выходзіць.)

Дабрыян. Што надумала гэта ўтрапёнае дзяўчо?

Кудрыцкая (прачыняе дзверы). Можна?

Дабрыян. Калі ласка, Клаўдзія Пятроўна. Заходзьце.

Кудрыцкая. Тут за мной цэлы вывадак.

Дабрыян. Вядзіце яго сюды. (Глядзіць на гадзіннік.) Ды і пара ўжо.

Уваходзяць Кудрыцкая, Абадоўскі, Бабровіч, Варакса, Адамейка, Генка.

Дык вось, таварышы… Надышоў час. Просяць нас выказаць свае пэўныя думкі. Вы ведаеце наконт чаго…

Варакса. Пэўныя думкі аб няпэўнай справе.

Дабрыян. Што вы маеце на ўвазе?

Варакса. Я маю на ўвазе нязбытныя мары… Такія, як ваша неўміручасць, Барыс Пятровіч.

Дабрыян. Паколькі яна мая, дык гэта ўжо не мара. Але я думаю, што яна не толькі мая.

Абадоўскі. Гэта як той Месяц. Пакуль на яго глядзелі здалёк ды марылі аб нябесных яснотах і вечным блажэнстве, дык ён здаваўся такім прывабным, а як дасягнулі…

Варакса. Хвала вам і слава, Барыс Пятровіч, за ваша адкрыццё, але апрача фізіялогіі ёсць яшчэ сацыялогія, этыка, мараль, псіхалогія людзей.

Бабровіч. I эканоміка.

Дабрыян. Усё гэта ёсць, дарагія таварышы, але ж ёсць і людзі, якія гэтыя праблемы вырашаюць. Аляксандр Паўлавіч, сацыялогія, псіхалогія — гэта па вашай часці.

Варакса. Хадзіў, ездзіў. Быў у розных калектывах. I пераканаўся: тое, што мы прапанавалі,— несправядліва і амаральна. Бар‘ер неўміручасці падзяліў людзей на лепшых і горшых. А тым часам сярод гэтых «горшых» ёсць нямала не горшых за тых «лепшых». Ды і тыя, што цяпер сапраўды горшыя, яшчэ могуць стаць лепшымі. Але брама неўміручасці для іх зачынена назаўсёды.

Адамейка. «Дык нашто мне тады старацца лепшым быць?» — скажа каторы несвядомы.

Варакса. Бар‘ер гэты прайшоў па гарадах і вёсках, па калектывах і сем‘ях, падзяліў бацькоў з дзецьмі, мужоў з жонкамі, парэзаў сувязі сяброўства і кахання.

Дабрыян. Дык што ж, па-вашаму, трэба рабіць?

Варакса. Не ведаю. Мае праблемы… Не мае, вядома. Я хачу сказаць, што праблемы этыкі, маралі — гэта праблемы другасныя. Яны з‘яўляюцца вынікам таго, што неўміручасці на ўсіх не хапае.

Дабрыян. Гэта мы ўжо ўстанавілі.

Варакса. Значыць, мімаволі прыходзіцца дзяліць усё грамадства на лепшых і горшых. А гэта несправядліва, гэта крыўда і абраза для пераважнай большасці нашага грамадства.

Абадоўскі. Лічыце — чалавецтва. Сённяшняя наша праблема заўтра стане агульначалавечай.

Кудрыцкая. Страшна падумаць, як там будуць дзяліць на лепшых і горшых.

Генка. Я думаю, што ліцэнзій на неўміручасць мы ракфелерам прадаваць не будзем.

Абадоўскі. На манаполію разлічваеце? Для навуковых ідэй няма непраходнай мяжы.

Бабровіч. Не будзем вырашаць за ўвесь свет. Мы вось у сябе дома не можам вырашыць. Аляксандр Паўлавіч супроць бар‘еру. Дык што ж — зняць бар‘ер? Валі ў неўміручасць, хто хоча! Тады не толькі вады і яды, паветра не хопіць. Месца на зямлі не хопіць, каб сесці ці стаць. А ўрэшце, я ўжо гаварыў пра гэта.