Читать «Брама неўміручасці» онлайн - страница 15

Кандрат Крапіва

Васюк. Каму мачу для аналізу? Папаша, а ў вас не той колер.

Торгала. Чулі вы! Ён таксама заўважыў. Што вы скажаце?

Застрамілава (паглядзеўшы на Васюка). У гэтага з эрытрацытамі, відаць, усё ў парадку.

Торгала з Васюком адыходзяць убок. Застрамілава ідзе ў чаргу. Уваходзяць Ён і Яна.

Ён. Што тут такое?

Яна. Чарга ў вечнасць.

Ён. На той свет?

Яна. На гэтым арганізавалі. Ты хіба не чуў? Па радыё перадавалі.

Ён. Плявузгалі нешта.

Яна. I нам бы не шкодзіла падумаць.

Ён. Сюды станавіцца?

Яна. А што? Дзеля вечнасці ж.

Ён. Ды тут палавіну вечнасці ў чарзе прастаіш.

Яна. Адмаўляешся ад неўміручасці?

Ён. Дык сюды? З бутэлечкамі? Хіба твой старыкан не дастане даведкі пра нашы залозы?

Карціна чацвёртая

Прыёмная Дабрыяна.

Генка (уваходзіць). Мама мая, што робіцца.

Антаніна Васільеўна. Вэрхал. Гармідар.

Генка. Стоўпатварэнне вавілонскае. Свае сваіх не пазнаюць. Няма таго калектыву, тае сям‘і, дзе б людзі не высвятлялі, каму жыць вечна, а каму, доўга не ўпіраючыся, Богу душу аддаваць.

Антаніна Васільеўна. Мае суседзі цэлую ноч шуравалі. Ён — кандыдат у неўміручыя, а яна — бухгалтар, і нейкая там у яе растрата выявілася. Можа, яна і невінавата. Растрату-то яна пакрыла, а пляма асталася. Так яго неўміручасць і ляснула.

Генка. Дык ён што?

Антаніна Васільеўна. «Ты, кажа, мяне жыўцом у магілу кладзеш». — «Вось і добра, — кажа яна. — Нечага, разам ляжаць будзем. А так задраў нос і пайшоў шукаць сабе неўміручай».

Генка. А ў мяне ёсць пара знаёмых. Галубкі. Пакляліся кахаць адно аднаго да самай смерці. А выйшла, што яна ў неўміручыя трапіла, а ён за брамай астаўся. Дык як ёй цяпер кахаць да смерці, калі яна неўміручая?

Антаніна Васільеўна. Значыць, да яго смерці.

Генка. Але як гучыць такая клятва: «Я буду кахаць цябе да твае смерці!»

Антаніна Васільеўна. Дык што ж галубкі?

Генка. Падалі заяву ў Камітэт. Просяць: ці туды, ці сюды, але каб разам.

Антаніна Васільеўна. Значыць, яна неўміручасцю ахвяравала?

Генка. Выходзіць.

Антаніна Васільеўна. Вось гэта каханне!

Генка. А пасля, можа, каяцца будзе.

Антаніна Васільеўна. Ніхто не ведае, што будзе пасля. Але гэта прыгожа, самаахвярна, чалавечна…

Генка. Заварыў Барыс Пятровіч кашу, цяпер, відаць, і сам не рад.

Антаніна Васільеўна. Чаму не рад? Найвялікшае адкрыццё ўсіх вякоў — як жа тут не радавацца?

Генка. Адкрыццё-то адкрыццё, але што з ім далей рабіць?

Антаніна Васільеўна. Гэта не яму вырашаць. Няхай іншыя думаюць.

Генка. Выпусціў джына з бутлі, з якім ніхто справіцца не можа. Прыйшоў ён ужо?

Антаніна Васільеўна. Прыйшоў. Засопшыся, гальштук на баку, гузікі ў пінжаку павырываны. Ледзь жывы вырваўся.

Генка. Неўміручыя? На «ўра» падкідалі?

Антаніна Васільеўна. Уміручыя апанавалі.

Генка. За гальштук бралі?

Антаніна Васільеўна. З машыны выцягнулі. Давай неўміручасць, а то мы з цябе душу вытрасем!

Генка. Вось яна — галгофа вялікага адкрывальніка. Раней бы на касцёр павалаклі. Вось і зрабі людзям дабро.

Антаніна Васільеўна. Дабро гэта ў іх па вусах цякло. Гэта ж людзі як бы другога сорту.

Генка. Смертнікі. Як мы з вамі.

Антаніна Васільеўна. А вы хіба не трапілі ў неўміручыя?