Читать «Літоўскі хутарок» онлайн - страница 8

Максім Гарэцкі

— I ўсе злыя германы. Адзін толькі трохі заступаўся, саромеў сваіх. А яны лаюць яго. Знаёмы хутарок…

Па адхону гары — ямкі ад снарадаў. У сцяне хаты — меціны ад куль.

Бегае сабака і бесталач гаўкае.

Тут вялікае гора.

Не чуваць вясёлых галаскоў прыгажух-дзяўчатак. Монцю немцы павялі з грудам літоўцаў нібы акопы капаць, а Ядвіська хворая, непрытомная ляжыць, трызніць, бедная:

— Не рушце! Не рушце! Ратуйце!

VII

На Вержбалоўскіх пазіцыях немцы ўмацаваліся і сталі. Жыхары з бліжэйшых хутаркоў уцяклі назад, пагналі за сабою скот. Ян Шымкунас выправіў сям'ю, а сам астаўся ў хутарку пад абстрэлам.

Цэлы дзень сядзеў ён, напрануўшы жупан, у сцюдзёнай хаце, а ўвечары выходзіў з двара і пудліва пытаўся, страчаючы салдатаў:

— Не хоча адступаць герман?

Быў строгі наказ войску мірных жыхароў не чапаць, а за ўсё плаціць. Але, адстоіўшы тут месяц, у дні, калі не паспяваў да часу фуражыр з хлебам, траплялі салдаты на хутаркі.

У адно ранне Ян дагледзеў, што нехта начою падушыў яго пчол і паламаў калодкі, шукаючы мёд.

Праходзілі міма салдаты, і Ян, ні да каго не звяртаючыся, жаліўся:

— Ах, Божа мой! Не пашкадавалі маіх пчолак. Чужы пакрыўдзіў і свае ж не даруюць.

Маўчалі салдаты.

А калі ў іншы вечар прыходзіла да старога Даміцэля, раскладала на стале хлеб і што варанае, ці крышыла сухі сыр у цёплую ваду і падкрапляла мужа, ён гаманіў з ёю, што і бульба з ямаў прападае, і кублы ў садзе, што былі вынесены ад пажару, паломаны.

Але ў той быў больш балючы клопат:

— Дзе-то наша Монценька? Ці жыў то Блажыс? Чаму нічога не піша Дамянік і сам не едзець? — плакала яна.

Вярнулаткі дзяўчына, але не борзда, цераз месяц адышлі немцы яшчэ дальш, і вярнуліся з палону работнікі-літоўцы. Прыйшлі дзяўчаты і маладухі.

Ішлі, бяднягі, ледзь жывыя: нага за нагу. Чорныя, што зямля чорная.

Няможна было пазнаць Монцю.

Сляды мук, перажытага сораму і гвалту адбіліся страшным выглядам на твары.

На роспыт маткі, з плачам абшчапіўшай яе, Монця прараніла шапатком некалькі слоў праз сілу. Па збялеламу і цьмяна-бруднаму твару цяклі слёзы, пакідаючы палоскі. Адзежа зрабілася шкумаццём.

Дзяўчына прытулілася да хворай сястры, потым адарвалася, схапіла матку за руку і завыла.

— Мамулечка! Няхай бы забілі мяне, чым так зрабілі мне…

Цераз колькі дзён матка, баючыся, каб саўсім не выйшла з розуму дзеўка, павяла яе да кунігаса.

Ківаў ён жалобна сівенькаю галавою.

Калі будзе, то і твой гэта дзіцёнак, Монька. Маліся матцы Божай.

— Не хачу я яго, — залівалася слязамі Монця.

— Маліся, Монечка, — Бог дасць дзіва, і ўсё абыдзецца так, як Богу заўгодна.

— А калі не будзе дзіва? Не магу я маліцца і жыць не хачу.

— Монечка! Дзетачка мая, — супакойвала матка, не ведаючы, што рабіць, а стары кунігас клаў далоні на галаву няшчаснай і ўзнімаў угору вочы і маліўся, аж дрыжучы ад нервовага парушэння: від гэтых мук яго паствы кроіў яго сэрца.

Прайшлі спакойна, хоць і нявесёла каляды. Зіма была дужа сцюдзёная, ветры вялікія, незвычайныя гурбы і сумёты. Белым пакрывам пахаваў Бог бруд зямлі, апаганенай грэхам чалавека — убійства і разбурэння ў прыродзе. Па чутках з фронту думалася людзям, што надоўга застылі дзве варожыя сцяны і, мусі, не парушацца да вёсначкі. Дык другое адступленне было падобна да грому на сінім безвоблачным небе.