Читать «Літоўскі хутарок» онлайн - страница 6

Максім Гарэцкі

Шлёпалі тыя буйныя каплі па возеры, раскідаючы дробныя пырскі, і ўкола возера ўжо ляжала яшчэ некалькі такіх фігурак.

Пачуўся з пад лесу грукат, конскі тупат, страляніна і крык.

Ядвіся прыльнула вокам да ваконца і ўбачыла: ад лесу на шасэ важка імчыцца конніца ў сініх мундзірах з флажкамі на канцы пік.

Ту-ту-ту-тук!.. — Як гарохам, забарабаніла па сцяне хаты.

— Ядвіся! Ядвіся! — даляцеў голас са слязамі крыклівы знізу.

Дзяўчынка кінулася да лесвічкі.

Дзы-ынз! — пасыпалася вакенца, і ў дзіру са злыбедным свістам уляцела яшчэ некалькі куль.

Не паспела Ядвіська дабегчы з бацькам да пограба, як да хутарка наўскачка падляцелі нямецкія кавалерысты.

— Прусы, — уздрыгнула і акамянела дзяўчына і ўжо не магла адвесці застылых вачэй ад тых. Ногі неспадзявана аслаблі, дажа згібаліся, зрабілася сцюдзёна. I Ядвіся проці волі хрыпла і дужа ціха шапнула, узняўшы руку: — Не рушце!..

V

У Янавай хаце за сталом сядзяць нямецкія пехацінцы. П'юць кофе, малако, ядуць хлеб з маслам, яйкі. На лавах навалены шынелі, ранцы. У кутку — стрэльбы. На масту пасцелена салома. Каля столу стаіць Ян і гамоніць з салдатамі. Ад печы да столу бегае Ядвіська. Монця з маткаю на печы. Салдат жыд перакладае таварышам, што кажа гаспадар па-літоўску.

— Во, дзед, — кажа адзін салдат, — у вас, у Расіі, баюць, што ў нас ужо есці няма чаго. На-ка табе кавалачак хлеба, ці не бялей наш будзе, ха-ха. Скажы яму, Глюкман.

— Бярэце, бярэце, гаспадар, што ж, — гаворыць Глюкман, — пакаштуйце нашскага хлеба. Ян віхаецца і бярэ.

— Дзякую, браткі. А мы да чорнага прызвыклі.

— Дадай, Глюкман, што калі ў нас не хопіць хлеба, мы ў рускіх адбяром… Дзяўчына, даліце кофе!

Ядвіся зразумела, пачырванела і ўсміхнулася.

— Зараз, пане, зараз.

— Старому што ні кажы, ці ён вінават?

— Па-вашаму, Цымерман, стары не вінават? А ён жа паляк, ён не рускі, ён і гаварыць па-руску не ўмее, а чаму ідзе з рускімі на нас? Як ён жыве пад уладай рускіх? Як батрак, хлеба няма, а як брудна. I яны ўсе тут таксама. А ў Германіі ён чалавекам быў бы.

— Ведаеце, — заступаецца Глюкман, — ён паляк, але тутэйшы: па-польску тож не разумее, гаворыць па-літоўску. I ён нічога таго не разумее, дарма вы на яго. Ён жыве і жыве. Я жыў у Расіі, дык я знаю. Праўда, усе тут так. Яны простыя людзі, яны не разумеюць. Маладзенькі хлопчык шэпча вусатаму брудэру:

— А гэта дзяўчонка нічога сабе, адылі што на печы, яшчэ прыгажэйшая. А вусаты чуе і кажа:

— Глюкман! Растлумач запечнай дзяўчыне: няхай не баіцца, мы не з'ямо яе, няхай не хаваецца.

— Ай, ну што там, — кажа ім жыд, — пакіньце вы іх чапаць, ну, простыя, бедныя сабе людзі, і ўсё.

На двары чуецца гоман і стук. Уходзіць дзяншчык і крычыць:

— Ідзіце вы! Тут будзе кватэра панам лейтэнантам. Салдаты нездаволена спыняюць абед і рыхтуюцца выхадзіць. На стол кідаюць маркі. Іншыя датыкаюць пальцамі каскі і смяюцца Ядвісі.

Дзеншчыкі ўжо знайшлі галень і даюць у руку дзяўчыне, каб мяла. Уходзіць у хату афіцэр, ззаду яшчэ два.