Читать «Літоўскі хутарок» онлайн - страница 7

Максім Гарэцкі

— О-о-о! Тут нам будзе, паны, нядрэнна. Бруднавата, ды што зробіш?

— Дый наконт дзяўчонак надта ж ладна! Дзівеце, што за матэрыял.

— Дзеля паляпшэння заняпалых народаў і дзеля найлепшага прывіцця высшай нашай культуры фізічным шляхам.

— Паны! Заўсёды вы так. Яны ж могуць разумець па-нямецку.

— Эт! Адразу відаць, што вы не дужа даўно змянілі штацкі гарнітур на ваенны… Вы нас не разумееце.

— Ці я магу саромецца, — кажа другі,— гэтых дзікароў.

— Ну, літвін, забірай сваіх хатніх і выхадзі ў другую хату.

Так запанавалі на хутарку ў Шымкунаса немцы.

— Ну, што, як там, — пыталіся рускія салдаты ў сваіх разведчыкаў, што хадзілі далёка за Нёман.

— Ды як там, — адказвалі разведчыкі, — танцуюць немцы ў Марыампалі пад грамафоны, мірным людзям за ўсё-ўсякае штых да грудзей, а дзяўчын ды маладзіц крыўдзяць.

VI

Прайшло роўна два тыдні. I зноў рушылі на захад шэра-бліскучыя тупацячыя рускія грамады. Сумныя малюнкі!

Крыжы на полі, на краях лесу, ля дарогі за канаваю. Змывае дождж слабыя карандашныя надпісы.

«Тутака пакояцца рускія воіны, забітыя пры здабыванні места С. 4.жніўня 1914 года».

Відавочна, у адной магіле пахаваны і немцы, бо на адной з іх стаіць другі крыж з надпісам:

«Тутака пакояцца германскія воіны, забітыя пры абароне места С. 4 жніўня 1914 года».

Яшчэ колькі сігоў і дошка: «Магіла воінаў[…]».

Іншыя крыжы са звязаных кіёчкаў. I ўжо пахіліліся, і ўжо борзда заваляцца. I згубіцца месца апошняга супакаення воіна.

Цягнуцца акопы немцаў. У іх — пярыны, лаўкі, сталы, бляшаныя печкі, гаршкі з літоўскіх хат.

Валяюцца пляшкі, гарахвяныя кансервы, папера ад шакаладу. Пачкі патронаў. Цэлыя кучкі гільзаў. Цягнуцца рады дроту.

Асенняе сонца спакойна гуляе. Ветракі-млыны заснулі. Пустынна. Аднак там, тут пачынаецца сонны рух. Жыхары, як пчолы вясною з вулля, асцярожна выпаўзаюць.

Во, збоку шасэ калдыбае дзед. Падняў з зямлі каску, раздушаную катком, падзяржаў двума пальцамі і кінуў у канаву. Двое хлопцаў збіраюць гільзы. Паднялі паломаную стрэльбу, але ўбачылі салдатаў, кінулі яе і пабеглі ўцякаць.

На гаці ў яме ляжыць здохлы конь. Раздуўся, як гара, і ўжо смярдзіць. А ў багне пакінута пустая снарадная скрынка. А на ўзгорку — доўгая алея старых ліп, дзеля чагосьці без усякае жаласці ссечаных. Яны загарадзілі дарогу.

— Мы ведалі, што незабавам прыдзеце. Але чаму адступілі? Хіба яго сіла больш? Кінулі нас…

— Зразумей, дзед, што іншы раз трэба адысці дзеля даспеху ў вайне.

Слухае дзед і маўчыць.

— Ну, што: крыўдзілі вас?

— А Божа мой. Усё ўзялі: блізка ўсіх коней, каровак, зімовую адзежу. Спрачацца няможна было — забілі б. А да начальнікаў не даступішся. I ўсё паелі: кароў, свіней рэзалі, гусей, курэй.

Прымушалі яшчэ пух дзеля іх абдзіраць.

Бульбы не любяць. Пыкі вы якія! Нашы салдацікі, калі бяруць — перша за ўсё бульбу, а ім пісклят трэба, пірагоў.

А страху колькі! Учора, як выганялі вы іх, мы ў пограбе сядзелі. Дрэвы ад стрэлу хісталіся. Бу-бу-бу. З рання да ночы бухае, а мы седзімо не піўшы, не еўшы ды смертухны чакаем.

— Ну, цяпер турыце яго нашчэнт, а мы адзадзі будзем ісці: скацінку сваю шукаць.