Читать «Літоўскі хутарок» онлайн - страница 9
Максім Гарэцкі
Батарэя, што сцерагла некалі мост, патрапіла, уцякаючы, на старую дарогу.
Феерверкер Сініца збочыў ад шасэ да хутарка.
Няможна пазнаць, што той самы. Палова будоўлі згарэла, толькі хата дзівам уцалела. На двары, сярод абгарэлага, чорнага будавання — здохлая ці забітая сучачка. Страха ў хаце прабіта. На печы сядзіць саўсім ужо сляпая Даміцэля. Яна разгарнула на нагах, як дзіцёнак, ліст з Масквы ад раненага сына Блажыса. Дзіра ў столі вялікая, адтуль свеціць. Хата сцюдзёна, як пуня. Тут жа дзядзька Ян. Сядзіць ля стала на шклянках ад пабітага вакна, папраўляе саламянае заткала ў вакне і сапе ў піпку, дзе замест табакі — хлоп са сцяны. Даўно ён не галіўся, не часаўся, змарнеў.
Ян сумна паглядае на адыходзячае рускае войска і часам нешта шапоча.
— Здароў, дзядзька Ян! Ах, як жа ў вас…
— Ад учарашняга бою, братка.
— А дзяўчаты вашы дзе?
— Уцяклі ўчора, ды ўжо, мусі, не паспеюць на машыну.
Як наўмысна, і яны з вузламі на парог.
— Добры дзень! Ці пазнаеце? Чаму вярнуліся?
— Куды мы пойдзем ад цэваса (бацькі) і мамы? — і заплакалі абедзве. Чаму ж раней не ўцякалі?
— Чаму? Так… не ведалі.— I па тону гэтага адказу няможна ўцяміць, чаму літовец так прыкут да свайго гнязда і ці сапраўды ён не ведаў.
— Ну, бывайце здаровы. Страху папраўляйце. Лікісвейкас!
— Су дзеў! — а самі плачуць, як пакінутыя на загубу.
Сініца пагнаў каня.
Возера замёрзла, але ўсярэдзіне былі павадкі на лёдзе і блішчэлі на чырвоным ад марозу сонцы. Блішчыць снег. Варона акалелая знедкуль узялася. Па снегавой дарозе коламі гармат глыбокія выбіты калюгі. Асцярожна спускаецца з гары калона войска адступаючага, як нейкая шэрая ўстужка, толькі трапечацца і безупынна паўзе.
Адзадзі і справа гудзіць глухая, асцервянелая, нястрыманая кананада.
Хутарок цямнеючаю плямаю астаецца далёка адзадзі.