Читать «Сімъ побѣдиши» онлайн - страница 39

Алесь Пашкевіч

Натоўп застагнаў, загуў, заварушыўся і пачаў хвалямі падаць на калені — ад царскага ўзвышэння да апошніх шэрагаў, якія, магчыма, мала што і чулі з прамоўленага…

3

Пасля выступлення ва ўніверсітэце ён загадаў ехаць у загароднюю рэзідэнцыю Вараніха. Пачуваўся незадаволеным і стомленым. Да ўсяго напала нейкая гідкая трывога, няўтульнасць…

Сустрэча аказалася непадрыхтаванай, не хочацца думаць — правакацыйнай. Ну некалі ж і ён быў студэнтам, і таксама — не мядовым. Але каб так… І адкуль у іх столькі бравады, палітыканства, ліхасці нават? Дзяржава ім стыпендыі, інтэрнаты, а ў адказ?

Адказваць, зрэшты, сёння мусіў ён, а студэнты пыталі. Напачатку пра будзённае, асабістае, тое, напэўна, што куратары падрыхтавалі. А потым і паехала: чаму прэзідэнт не выканаў сваіх абяцанняў у тым і тым, дзе справы па казнакрадах ды карупцыянерах? Чаму год таму на стыпендыю яны маглі дваццаць разоў паабедаць у сталоўцы, а цяпер і на пяць не хапае? І гэтак далей! Усё роўна як не ў дзяржаўным універсітэце пабыў, а на сходцы апазіцыйнай партыі! «Дарэмна паслухаў Зайца, — падумаў прэзідэнт, — хай бы б сам і круціўся на той сустрэчы! Ды і рэктар — той яшчэ фрукт! І не выганіш жа адразу»…

Ён незадаволена ўздыхнуў і зірнуў у зацемненае шкло. Будынак банка, прыпынак, гадзіннік перад уваходам у метро…

— А што гэта столькі людзей на вуліцы? — неўразумела прагаварыў нібыта сам сабе, а памочнік Жакей ужо дастаў свой сотавік і пачаў выведваць. (Калі б памочнік не меў такога прозвішча, яго б трэба было прыдумаць. Яно служыла і пашпартнай пазнакай, і мянушкай. Прычым — з падвойным сэнсам. Жакей — ён і нястомны «вершнік», паразітам з вуснаў якога не сходзіла «галопампаяўропам», ён — да ўсяго — і ненасытны каваман. Аніхто не мог даўмецца: як у яго ўлазіць столькі кавы? Думалі, што той напой ужо і ў ягоных венах. А любімым гатункам была, натуральна, кава «Жакей»…) — «Маладзец, на ляту ловіць…», — прамільгнула задаволенае, і ўадначас згадка, якую прэзідэнт аніяк не мог дасюль выспеліць, патлумачыла нядаўнюю трывогу. Так, гэтая дзеўчынёха, што цыдулкі з пытаннямі перадавала! Чарнявая, даўганогая, з пульхнымі вуснамі ды ямінкамі на шчоках… Рыхтык як яго колішняя студэнцкая стрэмка Томка! Трэба ж…

Паспрабаваў падумаць пра штосьці іншае, зноў зірнуў за шкло, — машына праімчала па запоўненым гараджанамі праспекце, звярнула да кальцавой, — а ўспаміны неадступнай залевай хлынулі на яго.

Томка-Томка… Дзе ты, што ты?

Яны раззнаёміліся восенню «на бульбе» і пасля трох курсаў вучобы думалі распісацца. Томка хварэла ім, была нібыта зачараванай, штодня выштукоўвала нейкія прысмакі-вячэры. Хм, маладосць… Ён жа, кідкі чарнявы высачун, за спіной якога была служба ў войску, які не раз і біўся за яе на інтэрнатаўскіх танцах, урэшце выбраў напрыканцы вучобы не адданую стромкую Томку з далёкай лясной вёскі, а паўнаватую дачку міністра архітэктуры і будаўніцтва… І прапіску атрымаў, і з працай склалася, і кватэру, калі дачка нарадзілася, займеў… А вяселле якое тады цесць адбарабаніў: у рэстарацыі на беразе рэчкі, з аркестрам і ці не сотняй запрошаных! Праўда, запрошаных з боку нявесты, бо з яго, жаніха, боку былі толькі сведка — аднакурснік Уладзя Ролікаў (стаў кандыдатам гістарычных навук, а цяпер ссучыўся і ўзначальвае апазіцыйную Народную лігу) ды сват — кіраўнік дыпломнай прафесар Мікалай Заяц… Бацька на той час ужо дзесяць гадоў быў у зямлі, а маці-вяскоўка непрасыпна піла. Ну як такую за пашанотны стол?..