Читать «Сімъ побѣдиши» онлайн - страница 41

Алесь Пашкевіч

— Работнічкі, вашую макаўку! — невядома на каго — ці на забастоўшчыкаў, ці на спецслужбы, ці на ўсіх разам — крыкнуў прэзідэнт і, загадаўшы павярнуць картэж назад, забасіў у слухаўку: — Усіх спакойна выціснуць з плошчы! Завадатараў-актывістаў арыштаваць! Працу метро аднавіць!

— Ёсць! — пачулася ў слухаўцы. — Усё зробім, толькі… з метро праблема. Няма машыністаў і дыспетчараў, ды і сука начальнік метрапалітэна на плошчы…

— Хоць сам са сваімі ахламонамі, калі такое прафукалі, у цягнікі садзіцеся ды катайцеся! Ці ты мне прапануеш?

— Н-у-у…

— Ну-гну! Рабацяг з прыгарадных электрычак зніміце, з іншых рэгіёнаў перакіньце… Хоць з Поўначы! Словам, каб праз паўгадзіны саставы пайшлі. А не — усе пойдзеце. І гэта… Тога начальнічка метро ды іншых актывістаў, паўтараю, упакуй!..

З набліжэннем да цэнтра сталіцы нават зрокава адчувалася напруга: народ тоўпіўся на прыпынках-мурашніках, тратуары ператварыліся ў людскія рэкі, на прылеглых да перакрытага праспекта вуліцах цягнуліся доўгія заторы.

Картэж спыніўся каля станцыі «Цэнтральная». Уадначас з ахоўнікамі жвава выскачыў з машыны прэзідэнт ды, колка зірнуўшы наўкруг, па-мядзведжы пасунуўся да аўтобуснага прыпынка: заграбаючы рукамі, разводзячы пяты і стульваючы насы чаравікаў — нібыта футболячы штось нябачнае. Вялікая прадаўгаватая галава ў такт крокаў гушкалася на шырокіх плячах пад дарагім даўгаполым пінжаком, які крыху хаваў непрапарцыянальнае тулава: здавалася, грудная клетка была наўпрост падагнаная па аб’ёме і ўстаўленая ў таз (а можа, усё выглядала так праз падоўжаны і прыхаваны адзежай бронежылет?). Гарадчукі не паспелі параскрываць ад здзіўлення раты, а прэзідэнт ужо гаварыў:

— Дарагія мае, я вымушаны прасіць у вас прабачэння за часовыя нязручнасці. Як вы ўжо, напэўна, ведаеце, адбылася правакацыя ў метро. Некаторым апазіцыйным актывістам, гэтым ролікавым-шмолікавым, падбухтораным замежнымі фондамі і разведкамі, надакучыла спакойна працаваць! Зарплатай, як мне далажылі, яны незадаволеныя! Зарплатай амаль міністэрскай! Многія з вас аб ёй яшчэ толькі мараць! — з кожным словам голас набіраў моцу і напаўняўся сталёвымі нотамі. — Зажраліся і пайшлі мітынгаваць на плошчу! Я ім, бачыце, перастаў падабацца! Ну хай яно і так, я ж не дзеўка, каб усім падабацца, але пры чым тут вы?! Якое яны маюць права спыняць працу метро — стратэгічнага для нашай сталіцы аб’екта?! Чаму вы павінны з-за іх пакутаваць на спёцы ды плішчыцца ў аўтобусы?! Ды і хто аплоціць прадпрыемствам ды заводам страты ад вашых спазненняў? — Прамоўца кашлянуў і закончыў мякчэй: — Паверце, мы паставілі на лінію ўвесь наземны транспарт, але яго не хапае… Яшчэ колькі хвілін — і метро пойдзе. Мы навядзём парадак і разбяромся з віноўнымі.

Прэзідэнт загадаў пасадзіць у машыны свайго картэжа, нават у «даішныя», старых, дзяцей ды жанчын і развозіць іх па горадзе, а сам у суправаджэнні нябачных ахоўнікаў пешшу пашыбаваў да будынка Адміністрацыі — у здзіўленых, захопленых, любоўных і адданых позірках электарату.