Читать «Сімъ побѣдиши» онлайн - страница 12

Алесь Пашкевіч

Будаўнічыя рыштаванні абхоплівалі сабор, і калі ён нагадаў Зайцу разгорнутую кнігу, дык усё разам цяпер выглядала як закратаваны манускрыпт. І расчытаць яго — няпростая работа, даручаная міністэрствамі культуры і адукацыі іхняму «зводнаму археалагічнаму калектыву» пад кіраўніцтвам прафесара Фёдарава.

…Вузкія шчыліны вокнаў, цяжкі, выцягнуты з усходу на захад простакутнік сценаў… Нейкі незвычайны ўрачыста-жалобны настрой (лічылася, што апякун сабора архангел Міхаіл быў правадніком душаў у царства вечнасці). Ну а храм, падумалася Зайцу, — «кантрольна-прапускны пункт» на той свет, праз што і даставалася яго сценам за ўсю гісторыю. Як адзначана ў летапісах, у 1450 годзе падчас навальніцы ў храм патрапіла маланка, а роўна праз чвэрць стагоддзя «внутри града» адбыўся пажар. У 1505-м князь Іван Васільевіч загадаў наогул разабраць старую царкву і закласці новую. Ды памёр. І сцены сабора, якія дастаялі да гэтых дзён, узводзілі ўжо пры ягоным сыне Васіліі Трэцім. «Курыраваў» будоўлю міланскі архітэктар Алевіз Фразін, які сачыў за ўзвядзеннем усяго каменнага Крамля. У вайну з Напалеонам французы выкарыстоўвалі храм як кухню ды казарму. Пакралі залатыя аклады, а з іканастасаў рабілі лаўкі ды ложкі… Таму зноў даводзілася аднаўляць унутранае ўбранства. У 1917-м сабор пашкодзілі пры абстрэле Крамля і праз год зачынілі. Цяпер жа, пасля адкрыцця тут музея, распачалася чарговая рэстаўрацыя — ужо знешняга выгляду помніка. Іхнім жа «надзелам» быў ніжні ярус з пахавальнымі крыптамі…

З кожнай хвіляй незвычайны трунак узнёсласці й жалобы запаўняў Зайцава цела, трунак, які апошні раз даводзілася піць ці не ў дзяцінстве, калі ў цэркаўку яго вадзіла бабця… Як усё даўно — і адносна блізка… Толькі змрочна, пуста ды хрыплае рэха пад нагамі і за парэпанымі калонамі… Толькі аніводнага ўсполыха васковай свечкі і пахне застарэлай цвіллю, як у закінутым склепе… І вось ён, ужо кандыдат гістарычных навук Заяц, зноў адрываўся ад рэальнасці і пераставаў бачыць сваіх калегаў…

Галоўная святыня сабора — ікона Міхаіла Архангела. Злева ад Царскіх Варотаў — ікона Божай Маці «Дабрадатнае неба», ва ўвесь рост у яркіх вогненных промнях, як ілюстрацыя да Янавага Адкрыцця: «И явилось на небе великое знамение: жена, облеченная в солнце; под ногами Её луна… И родила она младенца мужеского пола, которому надлежит пасти все народы жезлом железным…».

Жэзлам жалезным — паўтарылася ў ім, калі цугам — адзін за адным — дайшлі да ранніх фрэсак з сюжэтамі прыпавесці пра багатага і Лазара на сценах у дзяканніку ніжняга яруса, яруса, дзе ўладкаваная ўсыпальня Івана IV Васільевіча, празванага Грозным1… Усыпальня першага маскоўскага цара, які пашырыў дзяржаўную тэрыторыю. Яго пахавалі тут, пад сцёртымі плітамі падлогі, і парэшткі яго — сярод сарака шасці белакаменных плітаў у бронзавых футаралах з раслінным арнаментам і надпісамі вяззю.