Читать «Сабачае сэрца» онлайн - страница 16
Міхаіл Булгакаў
— Ды ў яго ж, Піліп Піліпавіч, і зусім няма галёшаў, — паспрабаваў заікнуцца ўкушаны.
— Нічога падобнага! — грамавым голасам адказаў Піліп Піліпавіч і наліў шклянку віна. — Гм… я не прызнаю лікёр пасля абеду: ён робіць цябе ацяжэлым і дрэнна дзейнічае на печань… Нічога падобнага! Яны носяць галёшы, якія прапалі вясной 1917 года. Спытайцеся, хто іх сцібрыў? Я? Не можа быць! Буржуй Шаблін? (Піліп Піліпавіч тыцнуў пальцам у столь.) Смешна нават падумаць. Цукразаводчык Полазаў? (Піліп Піліпавіч паказаў убок.) Ні ў якім разе. Гэта зрабілі вось гэтыя самыя пеюны! Да-с! Але хоць бы яны разуваліся на лесвіцы! (Піліп Піліпавіч пачаў чырванець.) І якога д'ябла прыбралі кветкі з лесвічных пляцовак? Чаму электрычнасць, якая патухала на працягу 20 гадоў адзін раз, цяпер акуратна патухае раз у месяц? Доктар Барменталь, статыстыка — рэч жахлівая. Вам, які ведае маю апошнюю работу, гэта вядома лепш, чым каму-небудзь іншаму.
— Разруха, Піліп Піліпавіч.
— Не, — зусім упэўнена запярэчыў Піліп Піліпавіч, — не. Вы першы, дарагі Іван Арнольдавіч, пастарайцеся ўстрымацца ад гэтага слова. Гэта — міраж, дым, фікцыя. — Піліп Піліпавіч шырока растапырыў кароткія пальцы, і ад іх два цені, падобныя на чарапах, заварушыліся на абрусе. — Што такое гэта ваша разруха? Старая з кіем? Ведзьма, якая павыбівала ўсе шыбы, патушыла ўсе лямпы? Ды яе не існуе наогул. Што вы разумееце пад гэтым словам? — люта спытаўся Піліп Піліпавіч у няшчаснай кардоннай качкі, якая вісела дагары нагамі побач з буфетам, і сам жа за яе адказаў: — Гэта вось што: калі я замест таго, каб рабіць аперацыі кожны вечар, пачну ў сябе ў кватэры спевы хорам, у мяне пачнецца разруха. Калі я зайду ў прыбіральню і пачну, выбачайце, мачыцца паўз унітаз і тое ж самае пачнуць рабіць Зіна і Дар'я Пятроўна, у прыбіральнях пачнецца разруха. Значыць, разруха не ў клазетах, а ў галовах. Значыць, калі гэтыя барытоны равуць «бі разруху!» — я смяюся. (Твар у Піліпа Піліпавіча так скрывіўся, што ўкушаны разявіў рот.) Клянуся вам, мне смешна! Гэта абазначае, што кожны з нас павінен лупіць сябе па карку! А вось калі ён выб'е з сябе розныя галюцынацыі і зоймецца чысткай хлявоў — сапраўднай сваёй работай, — разруха знікне сама. Нельга пакланяцца двум багам! Немагчыма ў адзін і той жа час месці трамвайныя пуці і дапамагаць нейкім гішпанскім абарванцам! Гэтак нікому нічога не ўдасца, доктар, і болей за ўсё — людзям, якія адсталі наогул у развіцці ад эўрапейцаў гадоў на 200 і да гэтага часу яшчэ не зусім упэўнена зашпільваюць свае ўласныя штаны!