Читать «Сабачае сэрца» онлайн - страница 15

Міхаіл Булгакаў

— Ежа, Іван Арнольдавіч, справа хітрая. Есці трэба ўмець, а ўявіце сабе — большасць людзей наогул не ўмеюць есці. Трэба не толькі ведаць, што можна з'есці, але калі і як. (Піліп Піліпавіч шматзначна патрос лыжкай у паветры.) І пра што ў гэты час гаварыць. Так-с. Калі вы клапоціцеся, каб пераварвалася страва, мая добрая парада — не гаварыце ў час абеду пра бальшавізм і пра медыцыну. І — барані божа — не чытайце ў час абеду савецкіх газет.

— Гм… Дык іншых жа няма.

— Вось ніякіх і не чытайце. Вы знаеце, я правёў 30 назіранняў у сябе ў клініцы. І што ж вы думаеце? Пацыенты, якія не чытаюць газет, адчуваюць сябе цудоўна. А тыя, каго я знарок прымушаў чытаць «Правду», — пачыналі худзець.

— Гм… — зацікаўлена адазваўся ўкушаны. Ён ужо пачырванеў ад віна і ад супу.

— Мала гэтага. Паніжаныя каленныя рэфлексы, дрэнны апетыт, адчуванне прыгнечанасці.

— Вось д'ябал…

— Да-с. Між іншым, што гэта я? Сам жа загаварыў пра медыцыну.

Піліп Піліпавіч адкінуўся, пазваніў, у вішнёвай парцьеры паказалася Зіна. Сабаку перапаў белы і тоўсты кавалак асятрыны, якая яму не спадабалася, а за ім кавалак акрываўленага ростбіфа. Пасля таго, як з'еў яго, сабака адчуў, што хоча спаць і болей не можа глядзець ні на якую ежу. «Дзіўнае адчуванне, — думаў ён, заплюшчваючы ацяжэлыя павекі, — вочы мае не бачылі б ніякай стравы болей. А курыць пасля абеду — гэта глупства».

Сталоўка напоўнілася непрыемным сінім дымам. Сабака драмаў, паклаўшы галаву на пярэднія лапы.

— Сен-Жульен — прыстойнае віно, — чуў скрозь сон сабака, — але ж яго цяпер нідзе няма.

Глухі, ацішаны столлю і дыванамі харал чуўся аднекуль зверху і збоку.

Піліп Піліпавіч пазваніў, і прыйшла Зіна.

— Зінуля, што гэта абазначае?

— Зноў агульны сход сабралі, Піліп Піліпавіч, — адказала Зіна.

— Зноў! — горка ўсклікнуў Піліп Піліпавіч. — Ну цяпер, значыць, пайшло, прапаў Калабухаўскі дом. Давядзецца пераязджаць, але куды — вось пытанне. Усё пойдзе як па пісанаму. Спачатку кожны вечар спевы, потым у адхожых замерзнуць трубы, потым лопне кацёл паравога ацяплення і гэтак далей. Капцы Калабухаву.

— Пакутуе Піліп Піліпавіч, — заўважыла Зіна з усмешкай і панесла гару талерак.

— Ды як жа не пакутаваць? — закрычаў Піліп Піліпавіч. — Гэта ж які дом быў — зразумейце вы!

— Вы занадта скептычна глядзіце на рэчы, Піліп Піліпавіч, — запярэчыў прыгажун-укушаны, — яны цяпер крута перамяніліся.

— Галубок, вы ж мяне ведаеце? Праўда? Я — чалавек факта, чалавек назіранняў. Я — вораг неабгрунтаваных гіпотэз. І гэта добра вядома не толькі ў Расеі, але і ў Эўропе. Калі я пра нешта гавару, значыць, у аснове ляжыць факт, на аснове яго я і раблю вывад. І вось вам факт: вешалка і галёшная стойка ў нашым доме.

— Гэта цікава…

«Глупства — галёшы. Шчасце не ў галёшах, — падумаў сабака, — але асоба выдатная».

— Калі ласка вам — галёшная стойка. З 1903 года я жыву ў гэтым доме. І вось на працягу гэтага часу да сакавіка 1917 года не было ніводнага выпадку — чырвоным алоўкам падкрэсліваю — н і в о д н а г а, каб з нашага параднага ўнізе, нават калі не замыкаліся агульныя дзверы, прапала хоць бы адна пара галёшаў. Заўважце, тут 12 кватэр, у мяне прыём. У сакавіку 1917 года прапалі раптам усе галёшы, у тым ліку і пара маіх. З палкі, паліто і самавар у швейцара. З таго часу галёшнай стойкі не існуе. Галубок! Я не кажу ўжо пра паравое ацяпленне. Маўчу. Няхай: калі сацыяльная рэвалюцыя — не трэба спяшацца. Але я пытаюся: чаму, калі пачалася ўся гэтая гісторыя, усе пачалі хадзіць у брудных галёшах і валёнках па мармуровых лесвіцах. Чаму галёшы трэба аж да гэтага часу хаваць за замком? Ды яшчэ ставіць ля іх салдата, каб усё роўна хто-небудзь не ўкраў? Чаму знялі дыван з параднае лесвіцы? Хіба Карл Маркс забараняе трымаць дываны на лесвіцах? Хіба дзе-небудзь у Карла Маркса напісана, што 2-гі пад'езд Калабухаўскага дома на Прачысцінцы трэба забіць дошкамі і хадзіць вакол праз чорны двор? Каму гэта трэба? Чаму пралетарый не можа зняць свае галёшы, а забруджвае мармур?