Читать «Рэвізор» онлайн - страница 9

Мікалай Гогаль

Зьява V

Тыя самыя й прыстаў.

Гараднічы. А, Сьцяпане Ільлёвічу, скажэце, дзеля Бога, куды самі запраторыліся? Куды гэта падобна?

Прыстаў. Я быў гэттака зараз-жа за брамаю.

Гараднічы. Ну, слухайце адно, Сьцяпане Ільлёвічу! Дык-жа чыноўнік ізь Пецярбургу прыехаўшы. Як самі там распарадзіліся?

Прыстаў. Ды так, як самі загадвалі. Квартальнага Пугавіцына я паслаў зь дзясяцкімі падчышчаць пратавар.

Гараднічы. А Дзяржыморда дзе?

Прыстаў. Дзяржыморда паехаўшы на пажарнай трубе.

Гараднічы. А Прохараў п’яны?

Прыстаў. П’яны.

Гараднічы. Як-жа самі гэта так дапусьціліся?

Прыстаў. Ды Бог яго ведае. Учарайшага дня здарылася за горадам бойка, — паехаў туды дзеля парадку, а зьвярнуўся п’яны.

Гараднічы. Слухайце-ж адно, самі зробіце вось што: квартальны паручнік… ён высокага росту, дык хай стаіць, дзеля добрага ладу, на мосьце. Ды раскідаць нагвалт стары плот, што каля шаўца, і паставіць саламяную вяху, каб было падобна да плянаваньня. Яно чым болей ламаніны, тым больш азначае дзейнасьці кіраўніка гораду. Ах, Божа мой! Я й забыўся, што каля таго плоту нагруважджана на сорак вазоў усялякага сьмецьця. Што за паганы горад: толькі дзе-небудзь пастаў які-небудзь помнік ці проста плот, ліха іх ведае, адкулечы і пананосяць усялякае дрэні. Ды калі прыежджы чыноўнік будзе пытацца службу, ці здаволеныя — каб адказвалі: «З усяго здаволеныя, ваша чэсьць», а каторы будзе нездаволены, дык яму пасьля дам такога нездаволу… (Уздыхае). Авохці-ох! Грэшны, багата ў чым грэшны! (Бярэ заміж капялюша футарал). Дай толькі Божачка, каб зыйшло з рук як хутчэй, дык-жа тады я пастаўлю такую сьвеччыну, што йшчэ ніхто ня ставіў: на кажную гадаву пару купца накладу дастачыць па тры пуды воску. О, Божа мой, Божа мой! Едзьма, Пётра Іванавічу! (Заміж капялюша хоча надзець папяровы футарал).

Прыстаў. Антоне Антонавічу, гэта кардонаўка, а не капялюш!

Гараднічы (кідае кардонаўку). Кардонаўка дык кардонаўка! Ліха і зь ёй! Ды калі спытаюцца: чаму ня збудаваўшыся царква пры богугоднай установе, на якую пяць год таму былі асыгнаваныя грошы, дык не забыцца сказаць, што пачала будавацца, ды згарэла. Ато, бадай, хто, забыўшыся, здуру целяпне, што яна й не пачыналася. Ды сказаць Дзяржыморду, каб ня надта даваў волі кулаком сваім: ён, дзеля парадку, усім ставіць ліхтары пад вачыма — і віннаму, і бязьвіннаму. Едзьма, Пётра Іванавічу. (Выходзіць і вяртаецца). Ды ня выпушчаць салдатні на вуліцу без усяго-ўсенькага: гэтая паганая гарніза насуне толькі па кашулі мундзер, а ўнізе нічога нямаш.