Читать «Рэвізор» онлайн - страница 7

Мікалай Гогаль

Добчынскі (перапыняючы). Па бочачку на францускую гарэлку.

Бобчынскі (адводзячы ягоныя рукі). Па бочачку на францускую гарэлку. Вось мы прыйшлі зь Пётрам Іванавічам да Пачачуева… Ужо самі, Пётра Іванавічу, гэнага… не перапыняйце, калі ласка, не перапыняйце!.. Пайшлі да Пачачуева, ды па дарозе Пётра Іванавіч кажуць: «Зойдземся, — кажуць, — у заезд, бо-ж у жываце ў мяне… зраньня я нічога ня еўшы, дык жывотная трасяніна». Але-ж, гэта ў жываце ў Пётры Іванавіча… «А ў заезд, — кажа, — прывезьлі цяперака сьвежае сёмгі, дык мы закусім». Толькі гэта мы ў гасьціньніцу, як раптам малады чалавек…

Добчынскі (перапыняючы). Нішто сабе з выгляду, у партыкулярнай адзежы…

Бобчынскі. Нішто сабе з выгляду, у партыкулярнай адзежы, пахаджае гэттака па пакоі, і на твары гэнкае разважаньне… фізыяномія… абыходкі, і тутака (круціць рукою каля лобу) багата, багата ўсяго. Я быццам прачуваў і кажу Пётру Іванавічу: «Тут нештачка нездарма-ткі». Але. Дык-жа Пётра Іванавіч ужо міргнулі пальцам і падклікалі гаспадара, дык-жа гаспадара заезду Аўласа — у яго жонка тры тыдні таму радзіўшы, і такі баявецкі хлопчык, будзе таксама, як і бацька, заезд трымаць. Падклікаўшы Аўласа, Пётра Іванавіч узялі й спыталіся ў яго ціхенька: «Хто, — кажа, — гэты маладзён?» — а Аўлас адказвае на гэта: «Гэта», — кажа… Гэ, не перапыняйце, Пётра Іванавічу, калі ласка, не перапыняйце, самі не раскажаце, дальбог, не раскажаце: самі прышаптоўваеце, у саміх, я ведаю, адзін зуб у роце ізь сьвістам… «Гэта, — кажа, — малады чалавек, чыноўнік, — але-ж, — едзе зь Пецярбургу, а на прозьвішча, — кажа, — Іван Аляксандравіч, дык-жа, Хлестакоў, а едзе, — кажа, — у Саратаўскую губэрню і, — кажа, — дзівосна сябе атэстуе: другі ўжо тыдзень жыве, з заезду ня едзе, набірае ўсё напавер і ні капейчыны ня хоча плаціць». Як сказаў ён мне гэта, а мяне гэтак во звыш і трокнула: «Гэ!» — кажу я Пётру Іванавічу…

Добчынскі. Не, Пётра Іванавічу, гэта я сказаў «Гэ!»

Бобчынскі. Спачатку самі сказалі, а пасьля й я сказаў. «Гэ!» — сказалі мы зь Пётрам Іванавічам. «А зь якое рацыі сядзець яму гэттака, калі дарога яму пралягае ў Саратаўскую губэрню?» Але-ж. Дык-жа вось ён і ёсьць гэты чыноўнік.

Гараднічы. Хто, які чыноўнік?

Бобчынскі. Дык-жа чыноўнік, пра якога мелі ласку атрымаць натацыю, — рэвізор.

Гараднічы (у страху). Што вы, Госпад Бог із вамі! Гэта ня ён.

Добчынскі. Ён! І грошай ня плаціць, і ня едзе. Хто-ж будзе, як ня ён? І падарожная прапісаная ў Саратаў.

Бобчынскі. Ён, ён, дальбожачка, ён… Такі прыгледлівы: усё агледзеў. Згледзеў, што мы зь Пётрам Іванавічам вось елі сёмгу, — больш таму, што Пётра Іванавіч збоку свайго жывата… але-ж, дык ён і ў талеркі да нас зазірнуў. Мяне гэтак і працяло жахам.

Гараднічы. Божухна, зьлітуйся над намі грэшнымі! Дзе-ж ён тамака жыве?

Добчынскі. У пятым нумары, пад сходамі.

Бобчынскі. У тым саменькім нумары, дзе летась пабіліся праезжыя афіцэры.

Гараднічы. І даўно ён тутака?