Читать «Рэвізор» онлайн - страница 10
Мікалай Гогаль
Усе выходзяць.
Зьява VI
Ганна Андрэеўна й Мар’я Антонаўна выбягаюць на сцэну.
Ганна Андрэеўна. Дзе-ж яны, дзе-ж яны? Ах, Божа мой! (Адчыняючы дзьверы). Мужу! Антоська! Антоне! (Гаворыць хуценька). А ўсё сама, а ўсё за самой. І пайшла поркацца: «Я шпілечку, я хусьціначку». (Падбягае да вакна й крычыць). Антоне, куды, куды? Што, прыехаў? рэвізор? з вусамі? зь якімі вусамі?
Голас гараднічага. Пасьля, пасьля, матухна.
Ганна Андрэеўна. Пасьля? Вось навіна, пасьля! Я ня хочу пасьля… Мне толькі адно слоўца: што ён, палкоўнік? Га? (Грэбліва). Паехаў! Я табе ўспамяну гэта! А ўсё гэтая: «Мамуленька, пачакайце, зашпілю адзаду хусьцінку; я зараз». Вось табе й зараз! Вось табе й нічога не даведаліся! А ўсё праклятае какятоўства: пачула, што паштмайстар тутака, і давай перад люстрам жамоніцца, і з гэнага боку, і з гэтага боку падыйдзе. Мроіла, што ён за ёй уганяецца, а ён проста самой міну строіць, калі сама адвернешся.
Мар’я Антонаўна. Ды што-ж рабіць, мамуленька? Усё’дна, за дзьве гадзінкі мы ўсё даведаемся.
Ганна Андрэеўна. За дзьве гадзінкі: шчыра дзякую! Вось узычыла адказам! Як ты не здаўмелася сказаць — за месяц яшчэ лепш можна даведацца! (Перавешваецца за вакно). Гэй, Аўдоцьця! Га? Што, Аўдоцьця, чула, тамака прыехаў нехта?.. Ня чула? Дурніла якая! Махае рукамі? Хай махае, а ты-б усё-ткі ў яго распыталася? Не магла гэтага даведацца, у галаве пацяруха, усё кавалеры сядзяць! Га? Хутка паехалі! ды ты-б пабегла за брычкаю! Пайшла, пайшла зараз-жа! Чуеш, бягай, распытайся: куды паехалі, ды распытайся добранька, што за прыежджы, які ён, — чуеш? падцікуй праз шчылінку і даведайся ўсё, і вочы якія: чорныя ці не, і вомірг-жа вяртайся назад, чуеш? Хутчэй, хутчэй, хутчэй, хутчэй! (Крычыць датуль, пакуль ня спушчаецца заслона і не засланяець іх абедзьвюх, стаючы ля вакна).
Дзея другая
Маленькі пакойчык у гасьціньніцы. Ложак, стол, валіза, пустая пляшка, боты, шчотка ад адзежы й іншае.
Зьява І
Восіп ляжыць на панавым ложку.
Восіп. Ліха матары, есьці гэтак хочацца і ў чэраве трэскат такі, быццам цэлы полк затрубіў у трубы. Вось-жа не даедзем, дый годзе, дадому! І што ты скажаш рабіць? Другі месяц пайшоў, як ужо зь Піцеру! прамантачыў па дарозе грошыкі, галубок, цяперака сядзіць, і хвост пад сябе, і ані кіпіць. А стала-б, і аж надта стала-б на прагоны; дык не, глянь ты, трэба ў кажным горадзе паказаць сябе! (Перадражнявае). «Гэй, Восіп, пайшоў, палядзі пакой, лепшы, ды абед накажы самалепшы: я не магу есьці благога абеду, мне трэба лепшы абед». Балазе каб было, запраўды, што людзкае, а гэта-ж алістрацюжка звычайнюсенькі! Із праежджым знаёміцца, а тады ў карталюшкі — вось табе й дагуляўся! Гэх, абрыдала такое жыцьцё! Праўда-ж, на сяле лепш: яно хоць няма публічнасьці, дык турботнасьці меней! Возьмеш сабе бабу, дый ляжы цэлы век на печы й паядай перапечы. Ну, хто-ж запярэчыць, ведама, калі пойдзе на праўду, дык жыцьцё ў Піцеры балазей за ўсё. Былі-б адно грошы, а жыцьцё тонкае й палітыцкае: кіятры, сабакі табе танцуюць, і ўсё, што хочаш. Размаўляе ўсё на тонкай далікатнасьці, што хіба толькі дваранству саступіць; пойдзеш на Шчукін — купцы табе крычаць: «Шаноўны!» На перавозе ў човен із чыноўнікам сядзеш; кумпаніі захацеў — пайшоў у крамку: там табе кавалер раскажа пра лягеры й абвесьціць, што кажная зорка значыць на небе, гэтак во, як на далані ўсё бачыш чалавек. Старая афіцэрыха прыблукаецца; пакаёвачка часамі зазірне такая… фу, фу, фу! (Усьміхаецца й трасе галавою). Галянтарэйнае, на яго ліха, абыходжаньне! Недалікатнага слоўца ніколі не пачуеш: кажнюсенькі гаворыць «вы». Нуда табе йсьці — бярэш чалавек рамізьніка й сядзіш сабе, як пан, а ня хочаш заплаціць яму — калі ласка: у кажным доме вароты навылёт, і ты гэтак сьлізганеш, што цябе аніякі чорт ня знойдзе. Адно дрэнь: часам слаўна наясіся, а іншым разам — адно што ня лусьнеш ад голаду, як цяперака, прыкладам. А ўсё ён вінаваты. Што зь ім рабіць? Татуля прышлюць грошы, што каб іх прытрымаць — і кудэю! Пайшоў баляваць: езьдзіць на рамізьніку, штодня ты даставай у кіятры бялет, а там, за тыдзень, глянь — і пасылае на барахолку прадаць новы храк. Іншым разам усё да апошняе сарочкі спусьціць, так што на ім усяго застанецца сурдуцінка ды шынялінка, дальбог, праўда! І сукно такое важнецкае, англейскае! Рубельчыкаў з паўтараста яму адзін храк стане, а на рынку спусьціць рублёў за дваццатку; а пра порткі й гаворкі няма — ні за сабаку йдуць. А чаму? — таму, што работкі ня пільнуецца. Заміж, каб на службу, а ён ідзе прахаджацца прышпэктам, у карталюшкі рэжа. Гэх, каб даведаўся гэта стары пан! Ён не палядзеў-бы на тое, што ты чыноўнік, а, загаліўшы кашулінку, такіх-бы засыпаў табе, што дні з чытыры-б ты папачухаўся. Якся служыць, дык служы. Во цяперака гаспадар сказаў, што ня дам вам есьці, пакуль не заплаціце за наетае; ну а якся не заплацім? (Уздыхаючы). Ах, Божа ты мой, хоць бы якое капусты! Здэцца, так-бы цяперака цэлы сьвет ізьеў. Стукае, мабыць, гэта ён ідзець. (Хуценька зрываецца з ложка).