Читать «Рэвізор» онлайн - страница 31
Мікалай Гогаль
Хлестакоў. Але, ну калі тысячы няма, дык рублёў сто.
Бобчынскі
Добчынскі. Дваццаць пяць рублёў усяго.
Бобчынскі. Ды самі пашукайце адно лепш, Пётра Іванавічу! У саміх тамака, я ведаю, у кішані вунь із правага боку распорак, дык-жа ў распорак, пэўне, як-колечы закінуліся.
Добчынскі. Не, праўда-ж, і ў распорку няма.
Хлестакоў. Ну, усёдна. Я-ж толькі так. Добра, хай будзе і шэсьцьдзесят пяць рублёў… гэта ўсёдна.
Добчынскі. Я адважваюся папрасіць саміх датычна аднае вельмі тонкай акалічнасьці.
Хлестакоў. А што гэта?
Добчынскі. Справа вельмі-ж тонкага характару: дык-жа старэйшы сын мой, маеце ласку бачыць, народжаны мною йшчэ перад жанімствам…
Хлестакоў. Так?
Добчынскі. Ці бо, яно гэтак толькі кажацца, а ён народжаны мною чыста як-бы і ў жанімстве, і ўсё гэта, як належыцца, я завяршыў пасьля законнымі-ж вязямі сужэнства-ж. Дык я, маеце ласку бачыць, хочу, каб ён цяпер ужо быў зусім, гэта знацца, законным маім сынам і зваўся-б гэтак, як я, Добчынскі.
Хлестакоў. Добра, хай завецца, гэта можна.
Добчынскі. Я-б не турбаваў саміх, ды шкада з-боку здольнасьцяў. Дык жа хлапчына такі… вялікія надзеі падае: напамяць вершы розныя раскажа і, калі дзе падхопіць ножык, зараз зробіць маленькую каламажачку так па-мастацку, чыста штукар. Вось і Пётра Іванавіч ведаюць.
Бобчынскі. Але-ж, вялікія здольнасьці мае!
Хлестакоў. Добра, добра! Я пра гэта пастараюся, я буду гаварыць… я спадзяюся… усё гэта будзе зроблена, але, але…
Бобчынскі. Як-жа, маю вельмі ніжэйшую просьбу.
Хлестакоў. А што, аб чым?
Бобчынскі. Я прашу саміх шчыра-шчыра, як паедзеце ў Пецярбург, скажэце ўсім тамака вяльможам розным, сэнатарам і адміралам, што вось, ваша яснасьць, ці дастойнасьць, жывець у такім а такім горадзе Пётра Іванавіч Бобчынскі. Гэтак і скажэце: жывець Пётра Іванавіч Бобчынскі.
Хлестакоў. Вельмі добра.
Бобчынскі. Ды калі гэта й цару імпэратару давядзецца, дык скажэце й цару, што вось, пыні, ваша імпэратарская вялікасьць, у такім а такім горадзе жывець Пётра Іванавіч Бобчынскі.
Хлестакоў. Вельмі добра.
Добчынскі. Прабачце, што гэтак абцяжылі саміх сваім быцьцём.
Бобчынскі. Прабачце, што гэтак абцяжылі саміх сваім быцьцём.
Хлестакоў. Дарма, дарма! Мне вельмі прыемна!
Зьява VIII
Хлестакоў адзін.
Тутака шмат чыноўнікаў. Мне здаецца, аднак-жа, што мяне маюць за дзяржаўнага чалавека. Пэўна, я ўчора ім падпусьціў пылу. Гэнкае дураньнё! Напішу-ткі я пра ўсё ў Пецярбург да Трапічкіна: ён папісваець артыкульчыкі — хай-жа ён іх паабстрыквае добранька. Гэй, Восіп! падай мне паперы й чэрні!
Восіп вызірнуў зь дзьвярэй, праказаўшы: «Зараз» .
А ўжо Трапічкіну, чыста, калі гэта трапіць на зубок, — сьцеражыся: бацькі роднага не пашкадуе дзеля слоўца, і капейчыну таксама любіць. Зрэшты, чыноўнікі гэтыя добрыя людцы; гэта зь іхнага боку слаўная рыса, што яны напазычалі мне. Перагледжу знарок, колькі ў мяне грошай. Гэта ад судзьдзі трыста, гэта ад паштмайстра трыста, шэсьцьсот, семсот, восемсот… якая зацухмоленая паперынка! Восемсот, дзевяцьсот… Ого! За тысячу перакінулася… А ну-ж, цяперака, капітане, падкруціся ты мне адно цяперака, палядзімо, хто каго.